Íвек (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца). Што Стася? На бязрыб'і, як кажа мая гаспадыня, і рак – рыба. Не той гэта чалавек. Не па мне. У Стасі свае дарогі, у мяне – свае (А. Кандрусевіч. Кругі на белай паляне). [Данута:] Юстын Фаміч, вядома, не арол, але не горш за другіх. Зразумела?.. [Гануся:] Зразумела... На бязрыб'і і рак рыба (Э. Валасевіч. Бывайце здаровы). Хоць і на сто метраў пад зямлёй бачыць наш першы сакратар, але на гэты раз ён даў маху, не тую падабраў кандыдатуру. Яго можна зразумець: на бязрыб'і і рак рыба (В. Шырко. Дыханне жыта). * І ад нашых мужыкоў адмаўляцца нельга... Ва ўсякім разе на нашым бязрыб'і пакуль і рак сыдзе за шчупака (І. Чыгрынаў. Свае і чужынцы). – Насовіч, с. 82: На бязрыб'і і рак рыба; Прыказкі, кн. 1, с. 244: На бязрыб'і і рак рыба. На вайне як на вайне. 1. На вайне, у ваенных умовах усякае можа здарыцца. Гаворыцца часцей як апраўданне якіх-н. дзеянняў, учынкаў, спраў у ваенны час ці як прымірэнне з тым, што здарылася. Сін.: Вайна ўсё спіша. Пакружыўшы яшчэ з хвіліну і не пачуўшы выбуху [падбітага самалёта], штурман лёг на зваротны курс. – Халера. Гэта вайна, – заспакойваў ён сябе. – На вайне як на вайне, – раздражнёна амаль выкрыкнуў ён крыху пазней (А. Дашкевіч. З вышыні птушынага палёту). Не зважаючы на поўную дрывотню, жаўнеры ламалі на дровы згароду... Зрэшты, на вайне як на вайне (У. Арлоў. Сны імператара.) Камандуючы мяне не прыспешваў, інакш даў бы знаць: з палком у яго сувязь надзейная, а батальён звязаны з штабам палка не толькі па радыё, але і палявым тэлефонам. На вайне як на вайне (І. Шамякін. Зона павышанай радыяцыі). 2. Гаворыцца, калі неабходна прынароўлівацца да незвычайных абставін жыцця. І я выйшла замуж... У другі раз... за чалавека, які забіў бацьку майго дзіцяці... маё каханне... Дваццаць гадоў з ім пражылі, дачку нарадзіла. Дзяцей любіў, майго сына любіў, як свайго. Але ніхто не здагадваўся, не ведаў... якія ночы я перажыла... пераплакала... У мяне была яшчэ адна вайна. На вайне як на вайне. Яго пякла рэўнасць... «Ты Івана кахаеш, а не мяне. Ніяк прах не забудзеш». У сіняках, у крывавых сіняках хадзіла... (Крыніца. 1997. № 4). – Калька з французскай мовы: A la guerre comme a la guerre. На воўка памоўка, а мядзведзь цішком. Падазраваюць аднаго, а вінаваты не ён, а іншы. Людзі кажуць, такога яшчэ не было
Дадатковыя словы
бязрыбі
3 👁