ÍТут і дзеткі да школкі прывыклі, і мама ля нас... (В. Шырко. Дыханне жыта). 2. Чалавек зжываецца з аднастайнымі, прывычнымі абставінамі, з месцам, дзе жыве. Кароль жа ўсё больш госцем у сваім двары бывае, таму не ведае, што ў жончынай ложніцы дзеецца. Аднак Сонка з маладымі ахмістрынямі час бавіць. А на адным месцы нават камень мохам абрастае (А. Бутэвіч. Каралева не здраджвала каралю). – На адным месцы і камень абрастае! – грымеў Кавалёў голас. – Хто ад роднай зямлі адрываецца, той не здольны пусціць на новым месцы глыбокія карані! (В. Якавенка. Наперад па крузе). Чалавек нараджаецца, каб жыць, працаваць. А на адным месцы, гэта ж кожнаму вядома, нават камень мохам абрастае. Дзе ж яшчэ, як не дома, у сваёй вёсцы, сярод людзей сваіх, і жыць чалавеку... (Б. Сачанка. Соль). * Нарэшце [Ігнат Сцяпанавіч] глыбока зацягваецца, пускае дым, гаворыць ціха, як сам сабе: – Камень на адным месцы і той абрастае, а пачні качаць яго туды-сюды – у порах рассыплецца (А. Кудравец. Сачыненне на вольную тэму). – Насовіч, с. 86: На адным месце і камень абрастаець; Федароўскі, с. 185: На адном месцу і камень мохам абрастае; Янкоўскі, с. 193: На адным месцы і камень абрастае. На бабскім (бабіным) языку кароста сядзіць. Гаворыцца з неадабрэннем пра таго, хто не ўмее захоўваць тайну або займаецца пустымі размовамі. [Бірка:] Шкада, што гаспадыні дома няма. [Бусыга:] А ведаеш, васпане, пры такой справе, можа, і лепей, калі яе тут не будзе: на бабскім языку кароста сядзіць (Я. Колас. У пушчах Палесся). [Фядора:] Во праўду людзі кажуць, на бабіным языку кароста сядзіць (А. Петрашкевіч. Злыдзень). На базары і бык цельны. Гл. На кірмашы (базары) і бык цельны. На беднага Макара і шышкі валяцца. На няшчаснага чалавека абрушваюцца ўсякія непрыемнасці. «На беднага Макара і шышкі валяцца» – гэтак і з намі, беларусамі, усякі нападае на нашу цемнату за тое, што мы слабы, бедны (В. Ластоўскі. Ці-ткі мы сапраўды цямней за ўсіх?). – Насовіч, с. 84: На грэшнага Макара і шышкі валяцца; Прыказкі, кн. 1, с. 454; кн. 2, с. 420: На няшчаснага Макара і шышкі валяцца; На беднага Івана ўсе шышкі валяцца. На аснове прыказкі склаўся як яе «абломак» фразеалагізм усе шышкі валяцца (сыплюцца, ляцяць) на каго, захаваўшы частку сэнсавага зместу ўсёй
12 👁