Ì– Федароўскі, с. 127: Млын меле – мука будзе, язык меле – бяда будзе; Прыказкі, кн. 2, с. 390: Млын меле – мука будзе, язык меле – бяда будзе. Многа шуму з нічога. Функц. не зам. Пра якое-н. нечаканае вялікае ажыўленне, шум, беспарадак і пад., што, аднак, або было беспрычынным, або не дало належных вынікаў. Ну, вось і ўсё. Усё скончылася. Многа шуму з нічога. Хіба такому цямцю-лямцю, як я, рабіць рашучыя крокі? (І. Шамякін. Пошукі прытулку). Абверг закон захаванне энергіі – стварыў многа шуму з нічога (ЛіМ. 1980. № 8). – Калька з англійскай мовы: Much ado about nothing. Загаловак камедыі (1600) англійскага паэта і драматурга У. Шэкспіра (1564 –1616). – РБС, т. 2, с. 612: Многа шуму з нічога. Можа надвое варожа. Усяляк, па-рознаму можа быць. Ужываецца як рэакцыя на слова м о ж а ў папярэднім выказванні. Выбачайце, калі ласка, за шчырае пісьмо. Можа, яно вам і дапаможа. Хоць кажуць: можа надвое варожа (А. Макаёнак. Старшыні калгаса «Спартак»). – Управіцеся сёння? – Справа такая, што і сам не ведаю... – Няўжо сакрэт? – Можа, і так... – Можа надвое варожа (П. Кавалёў. Суседзі). – Вазьміце, га, – яшчэ раз папрасіла Рая. – А ты хіба не бачыш, як мы едзем, – злосна сказаў адзін з тых, што мянялі кола. – Дык, можа, паправіце, – жаласна сказала Рая. – Можа надвое варожа, – буркнуў мужчына (Л. Арабей. Іскры ў папялішчы). – Можа, пачакаем з гэтай фермай? – нясмела перашэптваліся старэйшыя калгаснікі. – Не гарыць жа... – Можа надвое варожа, – пярэчылі маладзейшыя (В. Праскураў. Высокі поўдзень). – Будзем на лепшае спадзявацца... Можа, неяк і абыдзецца. – Можа – надвое варожа. А калі не абыдзецца?.. Падумай, а то давай не будзем чакаць, а сёння ж, уночы, і махнём у дарогу? (Б. Сачанка. Аксана). – Ляцкі, с. 21: Можа надвое варожа, а без малітвы і бог не паможа; Прыказкі, кн. 2, с. 174: Можа надвое варожа. Мой бацька (тата) нікому не вінен: у аднаго пазычыць, другому аддасць. Насмешка з таго, хто не вылазіць з даўгоў. Маці як пазычыць грошы і не можа іх у час аддаць, непакоіцца ўсё... Затое ж мой тата нікому не вінен: у аднаго пазычыць, другому аддасць (С. Лобач. Горкую лілею пакашу...). – Насовіч, с. 78: Мой бацька нікому не быў вінен, у аднаго, бывала, возьме ды другому аддасць; Федароўскі, с. 333: Мой татка нікому не вінен: у аднаго пазычыць, другому аддасць
9 👁