Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÏÐÀÄÌÎÂÀ Некаторыя прыказкі апрача семантычнай (лагічнай) характарыстыкі маюць патрэбу і ў сітуацыйнай характарыстыцы. У такіх выпадках коратка раскрываецца сітуацыя, у якой ужываецца пэўная прыказка. У даведніку С. і Я. Івановых усе прыказкі забяспечваюцца сітуацыйнай характарыстыкай, а многім з іх беспадстаўна даецца па дзве такія характарыстыкі – за кошт шырокага кантэксту, у якім рэалізуецца прыказка. Напрыклад, Баязліваму і корч мядзведзь нібыта выкарыстоўваецца ў такіх дзвюх, па сутнасці, тоесных сітуацыях: 1) гаворыцца, калі хто-н. палохаецца таго, што не ўяўляе сабой ніякай небяспекі; 2) гаворыцца, калі хто-н. занадта перабольшвае якую-н. небяспеку. Вызначыць сэнс вельмі многіх прыказак без апоры на іх рэальнае ўжыванне, без адпаведных маўленчых кантэкстаў, а толькі шляхам абстрактных разважанняў, гіпатэтычна – рызыкоўная і далёка не заўсёды паспяховая справа. Менавіта з гэтым сутыкаемся ў раней названай кнізе А. Аксамітава «Прыказкі і прымаўкі», якая мае падзагаловак «Тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак». Тут сотні няправільна растлумачаных прыказак. Так, прыказка Абяцанка-цацанка, а дурному радасць, як паказваюць кантэксты яе рэалізацыі, абазначае 'няма надзей на здзяйсненне абяцанага', а ў слоўніку А. Аксамітава апісанне прыказкі зводзіцца да пераліку толькі некалькіх магчымых маўленчых сітуацый яе праяўлення: «Гэтак высмейваюць простага паслухмянага чалавека, які паверыў абяцанкам ашуканца. Таксама прамаўляе насмешна ашуканы чалавек, якога цешаць абяцанкамі, на здзяйсненне якіх няма ніякіх надзей. Кажуць з неадабрэннем, калі не вераць у хуткае выкананне абяцання». Сэнсавы змест прыказкі Старой бабцы хораша ў шапцы такі: 'старому чалавеку неабавязкова быць добра прыбраным, прыгожа адзетым'. У слоўніку ж А. Аксамітава знаходзім наступнае тлумачэнне: «Раней старыя беларускія жанчыны насілі шапкікаптуры. Цэняць не тое, што на галаве, а што ў галаве» (с. 95). Прыказка Мыш капы не баіцца мае ў даведніку А. Аксамітава такое паясненне: «Насмешліва кажуць, калі нехта, імкнучыся быццам бы пакараць каго-небудзь, стварае яму спрыяльныя ўмовы, пускае вінаватага ў асяроддзе пражывання» (с. 254). У сапраўднасці ж гэта прыказка двухзначная: 1) гаворыцца ў дачыненні да жанчыны, несуадноснай па камплекцыі з мужчынам; 2) кажуць, часам іранічна, калі хто-небудзь не баіцца мацнейшага за сябе праціўніка
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
40 👁
 ◀  / 696  ▶