Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ëроўскі, с. 74: Лепш даваць, ніж прасіць; Ліцвінка, с.111: Лепш самому даць, чым у каго-небудзь прасіць (пазычыць). Лепш едучы змерзнуць, чым ідучы спацець. Сін.: Лепш дрэнна ехаць, чым добра ісці. Людзі кажуць: лепш едучы змерзнуць, чым ідучы спацець. І ўсё ж да вайны, калі аўтобусы былі не ў модзе, чурылаўцы не зважалі на гэтую разумную прымаўку. Яны дапіналі на сваіх дваіх ажно да Мінска (В. Шырко. Вунь чурылавец пайшоў). Лепш кепскія скокі, чым добрыя хаўтуры. Гаворыцца, звычайна жартаўліва, калі мусяць пагадзіцца з адсутнасцю чаго-н. [Цётка Рахіля:] Чаму вы не злавілі замест гэтай акулы некалькі карпаў, Арсен? Я сама ведаю, што ў нашай рэчцы яны не водзяцца, але ж... Ну, добра, добра, не будзем пераборлівыя. Як кажуць, лепш кепскія скокі, чым добрыя хаўтуры. А мы ўсё-такі маем рыбу, ды яшчэ якую цудоўную (М. Герчык. Вяртанне да сябе). Лепш крыху (крышку) зрабіць, чым багата нагаварыць. Пра перавагу пэўнага дзеяння над гаварэннем. Лепей хоць крыху варушыцца, а не толькі крочыць энергічна, чым аддавацца не дзень і не тыдзень успамінам. Як і лепей крыху зрабіць, чым багата нагаварыць (Ф. Янкоўскі. З нялёгкіх дарог). – Дзіма, праўда, абараняешся? – падбегла да яго Ніна. – Чаму ж ты дасюль маўчаў? – А ён забабонаў баяўся, каб не сурочылі, – пакпіў Пятро. – Лепш крышку зрабіць, чым багата нагаварыць, – у тон яму адказаў Дзіма (Р. Рудава. Крылы). – Янкоўскі, с. 86: Лепей трошку (крышку) зрабіць, чым багата нагаварыць. Лепш (лепей) адзін раз убачыць (пабачыць), чым сто разоў пачуць. Сін.: Не вер чужому слову, а вер свайму воку. Народная мудрасць кажа: «Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць». Не быў бы дзіцячы дом жыццёвай калыскай паэтэсы [Вольгі Іпатавай], не нарадзіліся б і многія яе шчырыя радкі (А. Бачыла. Чыстыя расінкі пачуцця). – А ведаеш, – пытаецца Яўген, – Ісакій нічуць не большы, чым у маім Жыраве Успенскі сабор. – Можа быць, – згаджаецца Купала, – не быў, не бачыў. – Я ж табе кажу. – Лепш раз убачыць, чым сто – пачуць... (А. Лойка. Як агонь, як вада). Удакладняць, уласна кажучы, не было чаго: усё бачылі сваімі вачамі. Справядлівая народная мудрасць: лепей раз пабачыць, чым сто разоў пачуць (В. Праскураў. Далёка ад дому). Чытаў я пра вопыт Ваньковіча... Пасля задумвацца пачаў: можна лгаць, але каб вось так, не падсяваючы... Лепш раз убачыць, чым сто разоў
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
9 👁
 ◀  / 696  ▶