Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ËË Лапаць боту не пара. Гл. Бот лапцю не пара. Лапці ваду не прапускаюць. Кажуць жартаўліва таму, хто занадта асцярожна трымае ў руках пасудзіну, звычайна чарку, напоўненую вадкасцю. Бацька.. прасачыў, як асцярожна і абачліва бярэ сваю [чарку-берасцянку] Герман, супакоіў: – Не бойся. Не пральецца. Недарэмна кажуць: лапці ваду не прапускаюць... Ну, будзем здаровы, сын (В. Казько. Бунт незапатрабаванага праху). Ласкавае слова што дзень ясны (веснавы). Пра добрае ўражанне ад пачутага ласкавага слова. – На зіму пад яблыні гной трэба класці. Тады не памерзнуць, – ласкава раілі вяскоўцы. А ласкавае слова – што дзень ясны (В. Праскураў. Сады цвітуць). Ніна была надта здзіўлена такой чуласцю трохі разкаватай і заўсёды катэгарычнай калегі, а на душы зрабілася добра-добра. – Тваё ласкавае слова што вясновы дзень. Дзякуй, Ірачка, – шчыра прамовіла (В. Рудава. Крылы). – Прыказкі, кн. 2, с. 9: Ласкавае слова што веснавы дзень. Ласка – не каляска, сеўшы не паедзеш. Гаворыцца як іранічная рэакцыя на слова «ласка» ці выраз «калі ласка» ў выказванні суразмоўніка. – Няхай першы выступіць той, хто рэплікамі кідаецца, – здагадаўся нехта. І старшыня аж узрадаваўся: – Калі ласка! – Ласка – не каляска, сеўшы не паедзеш, – загадкава ўсміхнуўся чалавек, падымаючыся на трыбуну (М. Чавускі. Слова ў спрэчках). – Прыказкі, кн. 2, с. 9: Ласка – не каляска, сядзеш не паедзеш. Ласка панская на рабым (дохлым) кані едзе. Устар. Панскія абяцанні, спагада, лагоднасць ненадзейныя, не выклікаюць даверу. Кацярына крыкнула першая: «Дручок любіць панскі бачок». Напалоханы пан стаў прасіць: «Усё аддам, толькі пусціце жывога». Жанчыны адступілі. «Не верце гэтаму жываглоту! – выгукнула Кацярына. – Ласка панская на рабым кані едзе!» (І. Гурскі. Вецер веку). – Ляцкі, с. 33: Панская ласка на быстрым кані едзе; Янкоўскі, с. 37: Панская ласка на дохлым кані едзе. Ласы на чужыя прыпасы (каўбасы). Кажуць з неадабрэннем пра таго, хто прагны, сквапны да чужога. [Пытляваны:] Мусіць, маму шкадуеце пакідаць? Дык мы і маму забяром. [Туміловіч:] Сват ласы на чужыя прыпасы. Мала таго, што агратэхніка ў мяне забірае, дык яшчэ хоча і лепшую цялятніцу забраць (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі). – Ну, калі няма [мёду], то няма... – вінава
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
8 👁
 ◀  / 696  ▶