Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Êца крокі... І думка – ці не ўпершыню ў жыцці – а засталося ж менш, чым прайшло! Круці не круці, а трэба памярці... (А. Федарэнка. Мяжа). Вялі хлопцы гаспадарку, трымаліся сваіх сем'яў. Ды як у пінскай прымаўцы сказана: «Круці не круці, а трэба ўмерці». Смерць раўняе ўсіх (У. Ліпскі. Я: Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод). – Насовіч, с. 69: Круці не вярці, а прыйдзецца ўмерці; Ляцкі, с. 18: Колькі не вярці, а ўмерці трэба; Прыказкі, кн. 2, с. 412: Круці не круці, трэба ўмярці; Колькі ні вярці, а прыйдзецца ўмярці. Круцячы, свет пройдзеш, але назад не вернешся. Гл. Маной (няпраўдай, хітрасцю, круцельствам) свет пройдзеш, а назад не вернешся. Крывая дарога з простай смяецца. Па абходнай, крывой дарозе ісці або ехаць больш надзейна, чым напрасткі, напрамкі. Сін.: Напрасткі адна варона лятае, затое ніколі дома не бывае; Пойдзеш нацянькі – праходзіш тры дзянькі; Хто прамікуе, той дома не начуе. Мясцовы жыхар так настойліва запэўнівае нас, што праз амшару прайсці немагчыма... Мы вырашылі ісці ў абход, суцяшаючы сябе тым, што «крывая дарога з простай смяецца» (Настаўн. газ. 2002, 25 чэрв.). – Прыказкі, кн. 1, с. 276: Крывая дарога каля простай смяецца; Рабкевіч, с. 169: Крывая дарога з простай смяецца. Крывое кола на сябе гразь кідае. Упарты, капрызны чалавек сам сабе шкодзіць, сваімі ўчынкамі пляміць сам сябе. [Казімір:] А я ўсё роўна раскажу ўсім, што галёшы айца Нікана ператварылі ў паштовую скрынку. [Стась – Казіміру, шматзначна:] Крывое кола на сябе гразь кідае... Май гэта на ўвазе... (В. Зуб. Юнацтва рыцара). Божа, божа, у якой мы апынуліся лужыне?! У якім брудзе! Праўду людзі кажуць: крывое кола на сябе гразь кідае. Здаецца, і радні багата – усе краіны СНД і краіны-ізгоі, а паабедаць няма з кім... (В. Гроднікаў. Непаднятая цаліна). – Ляцкі, с. 18: Крывое калясо на сябе балота кідае; Янкоўскі, с. 192: Крывое кола на сябе гразь кідае; Прыказкі, кн. 1, с. 274: Крывое калясо на сябе гразь цягнець. Крывое (малое) дрэва ў сук расце. Пра мужчыну малога росту ці кульгавага, але вельмі здатнага на любошчы. З таго вечара ці, можа, правільней, ночы зацялася Клаўдзя на Хомку, амаль не гаварыла. А калі слова якое і скажа, дык не проста так, а з падкусам: «А я верыла, што і праўда крывое дрэва ў сук расце», – скажа і засмяецца. Абыходзіў Хомка Клаўдзю, стараўся блізка не
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

семяў
18 👁
 ◀  / 696  ▶