Ê– Прыказкі, кн. 1, с. 355: Колькі вяровачцы ні віцца, канец будзець. Колькі (як) ваўка (воўка) ні кармі, а ён у лес глядзіць (паглядае). Як ні старайся перамяніць сутнасць чалавека, яго прывычкі, якасці, яны абавязкова праявяць сябе. Сін.: Воўчы дух да лесу цягне. [Студэнт:] Бараню бедных людзей... Мой абавязак. [Гаспадыня:] Даруй, папраўлю... Не абавязак, а сам такі. З мужычых пялёнак узяла цябе, а колькі ваўка ні кармі – усё ў лес паглядае (У. Галубок. Ганка). Гэты «слуга божы», відаць, надумаў нешта нядобрае. Нездарма зноў зрабіўся дзікуном. Праўду кажуць людзі: як ваўка ні кармі, ён у лес глядзіць (Я. Маўр. У краіне райскай птушкі). У часе контратакі белякоў яны [былыя палонныя] і адкрылі фронт сваім нядаўнім саслужыўцам... Ваўка як ні кармі, а ён у лес глядзіць (А. Асіпенка. Лабірынты страху). Калі Пісар вечарам таго ж дня прыйшоў дадому, дзядзька Сцяпан сказаў яму: «Як воўка ні кармі – ён у лес глядзіць...» (І. Капыловіч. Аблава). Колькі (як) ваўка (воўка) ні кармі, а яго ў лес цягне. Бач, што надумала? Кінуць жывога мужа, свякруху, якой, можа, тыдзень да смерці, і ляцець ці ў блізкі свет. Недарма кажуць: як ваўка ні кармі, усё адно яго ў лес цягне (І. Шамякін. Аксана). – Прабачце... Я забыўся, што сёння абяцаў падзяжурыць на электрастанцыі. Хлопец чакае, не магу, – апраўдваўся Барэйка. – Пусціце яго. Ваўка як ні кармі, а яго ў лес цягне... (М. Ваданосаў. У Баркоўскай пушчы). Тры гады [Анкуда] быццам мяняўся і не змяніўся, цішэў і не пацішэў. Колькі воўка ні кармі – у лес цягне (В. Карамазаў. Пагоннік). Ах ты, прыватніцкая вантроба... А ўсё-такі правільна кажа народная прымаўка: як воўка ні кармі, а яго ўсё роўна ў лес цягне... (В. Дайліда. Мне – пару слоў). * Мне здалося, што ты нават у характары змяніўся... Адно ж аблічча ў цябе стала авечае, а нутро асталося воўчае... Як ты Радзецкага ні кармі, а ён у лес глядзіць... (І. Гурскі. У агні). Снедаю, жонка дагаджае, каб забыў учарашняе, прыганяе, каб еў, а я быццам той воўк – яго кормяць, а ён у лес пазірае (М. Кусянкоў. Жар пад прыскам). – Насовіч, с. 14: Ваўка як ні кармі, усё ў лес глядзіць; Раманаў, с. 231: Сколькі воўка ні кармі, а ён к лесу глядзіць; Прыказкі, кн. 2, с. 266: Як ваўка ні кармі, а ён у лес пазірае. Конская матка не здохла. Гаворыцца пра каня як апраўданне, што ён не апошні на свеце і што няма чаго шкадаваць яго. Наста ехала самая апошняя, астаўшыся ззаду, і калі злезла з воза
7 👁