Êжаш выкруціцца. – Значыць, ты і ёсць той самы сведка абвінавачвання, чыё імя ў інтарэсах бяспекі не [выдаецца]? – Я і ёсць. Няма куды дзецца. Як гаворыцца, кіпцюрык ушчаміўся – усёй птушцы прападаць (Н. Бабіна. Рыбін горад). – РБС, т. 1, с. 361: Кіпцюрык ушчаміўся – усёй птушцы гінуць. Кіраваць то ты кіруй, ды не вельмі тузай. Ужываецца з незадавальненнем у дачыненні да тых кіраўнікоў, якія занадта любяць указваць, накіроўваць чыю-н. дзейнасць, распараджацца кім-н. Партыйная дысцыпліна, нібы жалезная аброць, прымушала трымацца баразны, па якой вялі вышэйшыя лідэры, тыя, што сядзелі ў Крамлі і трымалі лейцы. Каб жа толькі трымалі! Дык жа бязлітасна тузалі! І не раз узгадваў Андрэй крылатыя, мудрыя словы: «Кіраваць то ты кіруй, ды не вельмі тузай!» (Л. Левановіч. Палыновы вецер). * Нам і настаўнік гаварыў, што ў нас, маўляў, не цар кіруе, а палітбюро. А бабы ў адзін голас: хіба ж мы супраць таго бюро?! Па нас няхай бы сабе там хоць хто быў, абы па-людску кіраваў ды не вельмі тузаў. І каб дзетачак нашых не забівалі ў далёкіх чужых землях за той доўг, якога мы ні ў каго не пазычалі... (А. Петрашкевіч. Дагарала свечачка). – З сатырычнага верша К. Крапівы «Едзе крытык малады» (1932), дзе гаворыцца, як верхаводзілі ў літаратуры пралетарскія пісьменнікі ды крытыкі-вульгарызатары і як нарэшце «не сцярпеў пакутнік: – Крытык! Родненькі! Даруй мне з маёю музай! Кіраваць то ты кіруй, ды не вельмі тузай». Клін выбіваецца клінам. Гл. Клін клінам выбіваюць (выганяюць). Клін клінам выбіваюць (выганяюць). Непрыемныя вынікі якіх-н. дзеянняў ці стану ліквідуюцца тымі ж сродкамі, якімі выкліканы гэтыя дзеянні або стан. Сін.: Няма прыёму супраць лома, апрача самога лома. – Без папаўнення боепрыпасаў не вельмі наваюеш, а мы іх страцілі багата... – Клін клінам выбіваюць, – сказаў Каляда. – Пакуль ёсць захопленыя ў фашыстаў боепрыпасы, будзем імі біць... (І. Гурскі. У агні). Няўдача ў каханні, канфлікт з рэжысёрам... Клін клінам выбіваюць. І я таксама паспрабаваў «клін клінам выбіць». Жыла ў родным маім горадзе дзяўчына, з якою я калісьці трохі пагульваў – хадзіў у кіно, на танцы, праводзіў дадому (Б. Сачанка. Белая мыш). [Халяўкін:] Даўно ж вядома, што клін клінам выбіваюць. Толькі новае моцнае каханне можа выціснуць тугу па той асобе, якая здрадзіла яму (В. Зуб. Марная трывога
5 👁