Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Êкруціла галавою маці. – Бо быўшы ля мукі – запылішся, а ля вады – замочышся (Б. Сачанка. Вялікі Лес). * Ва ўсім нейкую выгаду, карысць вышукваць пачнеш. Вось таму недарэмна, пэўна, і гавораць: мельнік каля мукі заўсёды запыліцца (В. Казько. Хроніка дзетдомаўскага саду). – Федароўскі, с. 190: Каля мукі ходзячы, апылішся, каля вады памочышся; Прыказкі, кн.1, с. 348: Ходзячы каля мукі, запылішся. Камедыя, хто не ведае, а хто і ведае, дык усё роўна камедыя. Гаворыцца як іранічная ацэнка чаго-н. забаўнага ці недарэчнага. [Марыля:] А што – Зоська? Дзе ты яе бачыў? [Данілка:] Дзе бачыў? Я з двара ішоў, а яна ў той бок цягнулася, распусціўшы валасы, як русалка якая. [Марыля:] Няшчасная дзяўчына! Дарэшты губіць яна сама сябе гэтай гульнёй непатрэбнай. Не кажы хаця аб гэтым Сымону. [Данілка:] Камедыя – хто не ведае, а хто і ведае, дык усё роўна – камедыя (Я. Купала. Раскіданае гняздо). – Насовіч, с. 67: Камедыя, хто не ведае, а хто ведае, таму няма нічога; Ляцкі, с. 18: Кумедыя, хто не ведае, а хто ведае, таму не кумедыя; Прыказкі, кн. 2, с. 185: Хто не ведае – камедыя, а хто ведае – нічагусенькі. Каментарыі лішнія (не патрэбны). Функц. не зам. Зусім няма неабходнасці далей тлумачыць што-н., разважаць пра што-н. Часцей гаворыцца з неадабрэннем ці асуджэннем чаго- ці каго-н. Колькі мы ні прасілі аб дапамозе, адказ быў усюды аднолькавы: «Нічога не будзе. І не чакайце!» Тут, як кажуць, каментарыі не патрэбны (Маладосць. 1993. № 4). Можа, пад тэкстам казкі ёсць якое-небудзь асуджэнне разбою? Не, няма. Ёсць толькі пытанне да вучняў: «Хто з герояў асабліва спадабаўся? Хто выклікаў у вас іншыя пачуцці? Менавіта якія? Як багатыры адносіліся да царэўны? Чаму?» І ўсё. Каментарыі, як гаворыцца, лішнія (І.Я. Лепешаў. Дазнанні). У апавяданні «Адкрыццё сезона» Ул. Ляўданскі піша наступнае: «Калі ўжо былі запрэжаны коні, да мяне падбег цыганёнак. – Дзядзька, дай закурыць, – папрасіў ён. Я моўчкі выхапіў партсігар, выбраў з яго ўсе папяросы і аддаў яму. Ён ад радасці падскочыў і пабег за возам». Каментарыі, як кажуць, лішнія. Шчодрасць, праяўленая апавядальнікам, яўна антыпедагагічная (І. Навуменка. Кніга адкрывае свет). – Паўкалька з нямецкай мовы: Kommentar überflüssig. Выказванне нямецкага юрыста Германа Штаўба (1856-1904), яго прывычная фраза, якой ён звычайна заканчваў сваё выступленне. – ТСБЛМ, с. 269: Каментарыі не патрэбны
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
14 👁
 ◀  / 696  ▶