Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÊКалі Бог захоча (хоча) пакараць каго (чалавека), то (дык) адбярэ ў яго розум (таго пазбаўляе розуму). Гаворыцца з асуджэннем, калі хто-н. дзейнічае неразумна, робіць непрадуманыя, дзівацкія ўчынкі. – Але ж [японцы] на нешта спадзяюцца, калі не пабаяліся першымі зачапіць нас... – Калі Бог захоча пакараць каго, то першым чынам адбярэ ў яго розум, – строга кажа пісар (Я. Колас. На ростанях). – І дурны ж ты, Іван, дурны! Праўду кажуць, калі Бог захоча пакараць, дык адбярэ розум. – Слухай, не капай! Без цябе моташна. А стараешся дарэмна – не адгаворыш (С. Грахоўскі. Засвеціцца акно). – Далёка едзеце, калі не сакрэт? – Далёка. – А чаму ж тут злезлі? – Нячысцік спакусіў... Кажуць жа людзі: калі Бог захоча пакараць чалавека, дык адбярэ ў яго розум (А. Пальчэўскі. Жнівеньская раніца). У сваім блізкім да вар'яцтва паталагічным жаданні ўтрымаць уладу наўрад ці яны разумеюць, што твораць. Сапраўды, калі Бог хоча пакараць, таго ён пазбаўляе розуму. Яны ўжо пэўна страчваюць розум (В. Быкаў. Баль у часе чумы). Аўтар нібы развіваў тэзіс адной мудрай прымаўкі, што калі Бог хоча пакараць чалавека, то спярша адбярэ ў яго розум. І тады, само сабой, чалавек наробіць усяго... (У. Дамашэвіч. Камень з гары). – Калька з лацінскай мовы: Quem Deus nerdere vult, dementat prius. Калі важыў на рыбу, трэба важыць і на юшку. Калі наважваешся на штосьці значнае, нельга адмаўляцца і ад чаго-н. дробязнага, ад якога залежыць поспех і ў дасягненні таго значнага. [Юлія:] Калі ты мяне паслухаеш у адным дзеле, то, можа, мы і зладзім... Навумка, я хачу, штоб ты надзеў адзежу ды на маё места прыйшоў сюды [у сад да Яна]. Хадзі, я ўжо цябе навучу, як маеш з ім абайціцца. [Навум, які хацеў бы ажаніцца з Юліяй:] Глядзі, мая перапёлачка, штоб з гэтага піва не выйшла якога дуру... Але што рабіць? Чалавек, калі важыў на рыбу, трэба важыць і на юшку (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). – Насовіч, с. 12: Важыш на рыбу, важ і на юшку; Прыказкі, кн. 1, с. 462: Калі ж важыў на рыбу, трэба важыць і на юшку. Калі воран каркае (крача) – бяда будзе. Ужываецца як народная прымета. [Дамарад:] Да чаго раскаркаліся вароны. Галалоб, гэта на дождж? [Галалоб:] Калі воран каркае – бяда будзе. [Дамарад:] Ну, я ў гэтыя забабоны... Вось калі па справе ідзеш і заяц дарогу перабяжыць... (А. Дзялендзік. Грэшная любоў). * Крача воран. Чуеш, воран крача? Да чаго б яно, браток Рыгор? (Г. Бураўкін. Рыгору Барадуліну
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

варяцтва
12 👁
 ◀  / 696  ▶