Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Êтурную мову). На ўрачыстым прыёме кожнаму з гасцей з розных рэспублік было прапанавана прывесці ў тосце нейкую мудрасць з роднага фальклору. Я з ходу нічога іншага не прыдумаў, як працытаваць Крапіву: «Каб сонца засланіць – вушэй асліных мала» (Я. Брыль. Пішу, чытаю, жыву). * Твой голас ніхто не заглушыць... Не! Сонца асліныя вушы сабой не заслоняць ніяк! (Я. Колас. Да трыццацігоддзя Кастрычніка). Не ўдаецца і ніколі не ўдасца асліным вушам засланіць Сонца, прыхаваць ад працоўных многіх краін свету ўсю хвалюючую праўду пра вялікія перамогі сацыялізму (М. Лынькоў. Пісьменнік-грамадзянін). – З байкі К. Крапівы «Сава, Асёл ды Сонца», якая заканчваецца радкамі: «І вось Аслу нарэшце ясна стала: каб Сонца засланіць – вушэй асліных мала». Каб таго сабаку воўк з'еў, што на свой хвост брэша. Гаворыцца з абурэннем пра таго, хто хоць і аб'ектыўна, але не са станоўчага боку распавёў вусна ці пісьмова пра сваіх суседзяў, землякоў і пад. «Што ты нарабіў там? – ледзь не плакала ў трубку маці. – Хто ж гэта праўду піша? Суседзі злуюць... Дажыўся, таварыш пісьменнік, дапісаўся... Вось так: ты не вучыш бацькоў, як бульбу акучваць і даіць карову, а яны раяць, як трэба пісаць. Сам вінаваты. Гаварыў нябожчык дзед Алесь: каб таго сабаку воўк з'еў, што на свой хвост брэша. Але ж вельмі ўжо хацелася прачытаць земляку хоць староначку пра нашу вёску (В. Шырко. O, sancta simplicitas!). – Федароўскі, с. 269: Каб таго сабаку ваўкі з'елі, што на свой хвост брэша. Каб такіх часта сеялі, ды рэдка ўзыходзілі. Зламысны праклён у дачыненні да нядобрага, шкоднага чалавека. Наняла [Алена] чалавека з суседняй вёскі страху накрыць. Сядзіць той на страсе, малатком цюкае. Тым часам і абедаць упору. Прывяла чалавека ў хату, частаваць пачала. Бутэльку на стол паставіла: «Пі, чалавеча». А не ведала таго, што гарэлку зяць даўно выпіў, а замест яе вады наліў... – Каб такіх, як твой зяць, часта сеялі, ды рэдка ўзыходзілі! – прабурчаў Марцін (А. Варановіч. Ластаўкі пакідаюць гнёзды). – Федароўскі, с. 62: Каб такіх людзей густа сеялі, ды рэдка сходзілі; Янкоўскі, с. 361: Каб такія часта сеяліся ды рэдка ўзыходзілі; Рапановіч, с. 84: Каб такіх многа сеялі, ды мала ўсходзіла; Хай такіх густа сеюць, ды рэдка ўсходзяць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

абектыўна, зелі, зеў
4 👁
 ◀  / 696  ▶