Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Êда «Пасэцкага». І тут нічога не паробіш – такія законы жыцця. Нездарма людзі кажуць: каб не мёрлі, дык неба падпёрлі (Л. Левановіч. Чалавечы век). * А вось да смерці [гарадчукі] падыходзілі спакойна. «По одном, по одном ды ўсе помром, бо каб ні ўміралі, то б небо подпіралі!» – складна прыгаворвалі, а маглі і хітрэй пажартаваць... (Л. Дранько-Майсюк. Горад Боны і Давыда). – Прыказкі, кн. 2, с. 414: Каб не мерлі, дык неба падперлі; Каб людзі ды не мерлі, то б неба падперлі. Каб не смяяліся і не цешыліся, дык даўно павесіліся б. Без смеху і іранічнага стаўлення да цяжкіх жыццёвых умоў нельга пражыць. Бабачкі! Не плачце. У перадавіках усе гады хадзілі. Стаханаўкі. Сталіна перажылі. Вайну! Каб не смяяліся і не цешыліся, дык даўно павесіліся б (Крыніца. 1993. № 3). – Прыказкі, кн. 2, с. 402: Каб не смяяліся ды не цешыліся, так бы даўно павесіліся. Каб не спатыкацца, трэба пад ногі прыглядацца. Каб не памыліцца, трэба быць уважлівым да ўсяго, ва ўсім разабрацца. – А я думала, ты з нашай фельчаркай Сімошкінай ажэнішся... – Ну і сказала! Як кажуць, каб не спатыкацца, трэба пад ногі прыглядацца. Я гэтай Сімошкінай баяўся, як смерці (Я. Галубовіч. Жыві сабе). – Янкоўскі, с. 249: Каб не спатыкацца, трэба пад ногі прыглядацца. Каб пазнаць (ведаць) чалавека, дык трэба з'есці з ім пуд солі. Каб пазнаць чалавека, трэба з ім доўга пражыць разам. Сябры жылі пад адною страхою не дужа вялікі час. Яны лічылі, што ведаюць адзін аднаго да самых што ні ёсць маленькіх дробязей. Ды ў народзе бытуе простая мудрасць: каб пазнаць чалавека, дык трэба з'есці з ім пуд солі (Я. Колас. На ростанях). Мяне і раней цікавіў Корань, з ім было аб чым пагаварыць, але сёння ён паўставаў у іншым святле. Не дарма кажуць: каб чалавека пазнаць, трэба з ім пуд солі з'есці (І. Гурскі. На скрыжаванні дарог). Нарэшце прыглядзіся да гэтай самай Каці. Колькі ты яе ведаеш? Зусім мала. А можа, яна і не такая, як табе здалося. Каб чалавека пазнаць, трэба пуд солі з'есці (Л. Гаўрылкін. Каця). Алесь лічыў сябра памяркоўным. А тут – не пазнаць яго стала. Нібы падмянілі камсорга. І Алесь падумаў: «Відаць, нездарма кажуць: каб ведаць чалавека, трэба з'есці з ім пуд солі...» (І. Сіняўскі. Заранка). Трэба пуд солі з'есці, каб пазнаць чалавека. Не крыўдуйце. У каго не бывае памылак. Не адразу разбярэшся, хто добры, а хто дрэнны
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зесці
8 👁
 ◀  / 696  ▶