ÊДобра. Добра. Эверт, яшчэ чарку чалавеку. [Трубайла:] Як кажуць, каб не дзірка ў роце – хадзіў бы ў злоце. Ваша здароўечка, панове [п'е] (У. Караткевіч. Млын на Сініх Вірах). * І ўсё ж трэба было жыць, выкручвацца, бо голад – не цётка. «Каб не было дзіркі ў роце, хадзілі б у золаце», – успамінаў Андрэй, едучы на мясакамбінат (А. Камароўскі. Смаката). – Прыказкі, кн. 1, с. 257: Каб не дзірка ў роце, хадзіў бы ў злоце. Каб не ежка ды адзежка, была б грошай поўна дзежка. Пра вялікія выдаткі на яду і адзенне. Сін.: Каб не дзірка ў роце, хадзіў бы ў злоце. Кажуць, каб не ежка ды адзежка, была б грошай поўна дзежка. За абновамі ў нашай вёсцы не ганяюцца. У кожнага мужчыны ёсць выхадны касцюм, чыстыя кашулі, чаравікі, галіфэ, хромавыя боты (В. Шырко. Хай людзі бачаць). – Прыказкі, кн. 1, с. 267: Каб не ежка, не адзежка, то была б грошай дзежка. Каб не клін ды не мох, дык (то і) цясляр (цесля, плотнік) бы падох (здох). Кажуць пра цесляроў, якія пры будаўніцтве драўляных будынкаў усе хібы сваёй працы хаваюць з дапамогай моху і кліноў. – А мох навошта, – прыйшоў на дапамогу Антону з суседняга вугла цясляр. – Вы хочаце сказаць: «Каб не клін ды не мох, дык цясляр бы падох». Гэта старая прыказка (А. Пальчэўскі. Вясна на аблогах). З хлопцаў якія яшчэ там былі плотнікі. Як у той прымаўцы: «Каб не клін ды не мох, то і плотнік бы здох» (С. Кухараў. Бацькавічы). – Сцягнем скобамі стойку з вуглом, да канца веку будуць сцены стаяць. А ў шчылінкі моху пабольш... – Ага... Каб не клін ды не мох, то і цесля б здох... (П. Місько. Хлопцы, чые вы будзеце...). – Федароўскі, с. 175: Каб не клін ды не мох, цесля бы здох; Прыказкі, кн. 1, с. 157: Каб не клін і мох, то плотнік даўно б здох; Каб не клін ды не мох, даўно б майстра здох. Каб не мерлі, дык бы неба падперлі. Кажуць пра няўмольнасць і непазбежнасць смерці кожнага чалавека. Сін.: Людзі мруць, нам дарогу труць. Самым прыбытковым бізнесам, асабліва ў райцэнтрах і мястэчках, стаў выраб трунаў. На іх сталы попыт і грошы жывыя, як любяць казаць у народзе. Здаровы народны фаталізм: каб не мерлі, дык неба б падперлі (С. Астравец. Жыццё ёсць жыццё). Усё жывое павінна некалі памерці. «Каб не памерлі, дык неба б падперлі». Здаецца, гэтак кажуць на планеце Зямля? (Л. Дайнека. Чалавек з брыльянтавым сэрцам). Навакольныя вёскі апусцелі: маладыя плішчацца ў Мінск, Маладзечна, а старыя ідуць
6 👁