Êраступіў бы тое месца, – заўважыў Ціток (М. Лобан. На парозе будучыні). – Людскі быў чалавек... І жыць мог бы яшчэ доўга... – Да-а-а... Каб ведаў чалавек, дзе пакоціцца, то саломкі патрусіў бы... (П. Місько. Градабой). – Насовіч, с. 65: Каб веданне, айдзе павалішся, валей бы сесці там; Прыказкі, кн. 2, с. 485: Каб ведаць, дзе павалішся, саломкі бы падсцяліць; Каб ведаў, дзе ўпаду, дык і саломкі падаслаў бы; Як бы чалавек знаў, дзе спатыкнецца, то б абышоў тое месца. Каб на хмель (на гарох) не мароз, дык ён бы цераз тын перарос. Гаворыцца з насмешкай пра таго, хто пагардлівафанабэрыста выхваляецца дасягнуць чагосьці, але церпіць няўдачу. Янычары нібы спатыкнуліся, карацейшым і драбнейшым зрабіўся крок. Аказалася, што і ім, султанавым сынам, не вельмі хочацца паміраць. Ды Гасан Нечапай.. і не падумаў спыняцца. Як гара, наваліўся ён на ліцвінаў... Але Ян Карсакоў, захіснуўшыся шчытом, так гваздануў асілка цяжкай шыпаванай булавой па пукатай грудзіне, што той збіў дыханне, захаўкаў ротам, захістаўся. – Каб на гарох не мароз, ён бы цераз тын перарос, – весела сказаў Іван Маладзей. – Зараз мы цябе, страхалюдзіна турэцкая, падмарозім (Л. Дайнека. Назаві сына Канстанцінам). – З-за чаго ж увесь сыр-бор разгарэўся?.. – Правініўся!.. – А што? Каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос! Ведаеце, Мацвей Іванавіч, мала прыемнага, і ганарыцца ёй няма як і забыць няможна... (В. Якавенка. Ах, Арэса, Арэса...). – Ляцкі, с. 15: Каб на хмель не мароз, дык бы тын перарос; Янкоўскі, с. 217: Каб на хмель не мароз, дык ён бы тын перарос. Каб не было снегу, не было б і следу. Без прычыны нічога не бывае. Гаворыцца тады, калі распаўсюджваюцца якія-н. чуткі. Сін.: Дыму без агню не бывае (у 2 знач.). – Ага, раз апраўдваешся, то дыму без агню не было... Значыць, грэўся ля Соф'інага цяпельца... Мо адаграваў мёрзлыя рукі, га? – хіхікнуў Стась. – І нічога тут благога няма, не чырваней ты, не сарамота гэта. Бо каб не было снегу, не было б і следу... Як гэта нармальны рыцар выпусціць з рук здабычу? (А. Бутэвіч. Каралева не здраджвала каралю). – Федароўскі, с. 306: Каб не было снегу, то і не было б следу. Каб не дзірка ў роце, хадзіў бы ў злоце. Каб чалавеку не трэба было есці і піць, ён быў бы надзвычайна багатым. Сін.: Каб не ежка ды адзежка, была б грошай поўна дзежка. [Трубайла:] Мой старэйшы брат загінуў, і зараз калішні хутар павінен належаць мне. Можа, вы можаце гэта аформіць? [Штаркенфауст
Дадатковыя словы
софінага
10 👁