пец, і цяпер ужо ніхто сюды не меў права паткнуцца. Так ён і марнеў, гэты кавалак, без карысці, нават жывёлу на ім не пасвілі; сам, значыцца, не гам і другому не дам (К. Чорны. Бацькаўшчына). Пад кустом ляжалі зрэзаныя ліпавыя пруты. Нехта нядаўна праходзіў тут, парэзаў усё і кінуў: «Сам не гам і другому не дам» (А. Чарнышэвіч. Світанне). А сад Сінчык зглуміў: пазабіваў медныя цвікі ў ствалы, і дрэвы пасохлі. Сам не гам і другому не дам (Х. Жычка. Зброю бяруць сыны). Як сабака на сене – і сам не гам і другому не дам. Плюшкін, самы сапраўдны Плюшкін нашага часу. Як сабака на сене – і сам не гам і другому не дам (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца). * Калі сам не гам, дык нікому не дам? Так ты падумала пра мяне? (П. Пестрак. Гумно без варот). А на што яна разлічвала, калі ў народны кантроль, у парткам падавала? Вярнуць мяне? Каб я раскаяўся і вярнуўся? А мо проста кары для мяне хацела? Каб напакасціць больш... Калі сама не гам, то й другому не дам... (П. Місько. Градабой). – Насовіч, с. 152: Сабака на сене ляжыць, сама не есць і другім не дасць; Прыказкі, кн. 2, с. 333: Сам не гам і другому не дам; Сядзіш, як сабака на сене: і сам не гам і другому не дам. І сена цэла(-е) і козы сыты(-я). Гл. І козы сыты(-я) і сена цэлае. Іскру тушы да пажару, бяду адводзь да ўдару. Умей своечасова засцерагчыся ад якой-н. непрыемнасці, небяспекі. – То каб нам якую паперку... – А навошта яна вам? – Іскру тушы да пажару, бяду адводзь да ўдару... Добра было б друкаваную паперку мець, тады ніякая навалач не прычэпіцца (І. Гурскі. Вецер веку). Быць ці не быць? Не сумняваюцца толькі тугадумы. Разумныя людзі праўду кажуць: іскру тушы да пажару, бяду адводзь да ўдару... (В. Шырко. Сцяжына да людзей). – Прыказкі, кн. 2, с. 449: Іскру тушы да пажару, бяду адводзь да ўдару. І сцены маюць вушы. Каго-н. могуць падслухаць. Ужываецца як папярэджанне быць асцярожным у размове, каб не падслухалі. [Навум:] Маўчы, Ціт! Не наша дзела аб гэтым гаманіць. Знаеш прымаўку: і сцены маюць вушы (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). Размова гэта вялася ў гумне і, здэцца, сам-насам, але ж праўду, мусіць, людзі кажуць, што і сцены маюць вушы (К. Крапіва. Каровін мужык). Усе, хто быў у карчме, пераглядаліся і пачыналі гаварыць: – Пане Казімір, ціха, а то і сцены маюць вушы
7 👁