Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
І без папа ведаю (ведаем, знаю, знаем), што ў нядзелю свята. Гэта ж – відавочная ісціна. Ужываецца іранічна ў дачыненні да таго, хто сцвярджае што-н. агульнавядомае. Напэўна, [Семілапаў] сказаў бы ехаць на месца пражывання і ад мясцовага паліцэйскага начальства прасіць дазволу жыць і працаваць у Вільні. «Але я і без папа ведаю, што ў нядзелю свята», – прыгадаў Лабановіч старую прыказку (Я. Колас. На ростанях). – Ачэрпай вады – напаіць трэба, – нехта раіць збоку. – Тппр!.. І без папа ведаю, што ў нядзелю свята. Тппр, каб на цябе Пранцэля не глядзела! Тппр, калёсы перавернеш!.. (Я. Лёсік. Апавяданне без назвы). – Ну і спявак вы, дзядуля! Пашукаць такога. – Я і без папа ведаю, што ў нядзелю свята, – задаволена згадзіўся дзед, але працягваў слухаць пахвальбу (А. Бутэвіч. Апошняе ігрышча). – Не пазірай воўкам. Не збіраюся я адбіваць тваю абранніцу... – А я і без папа ведаю, што ў нядзелю свята, – адказаў Іван, хоць толькі што пэўнасці такой у яго не было. – Ведаю. Што не адаб'еш, – паўтарыў ён (Маладосць. 2005. № 4). * – Ты мне закрэсліла ўсю нататку! – Лішняга нічога я не крэсліла. Ты чуў, як у нас старыя людзі кажуць: «I дурань ведае, што ў нядзелю свята!» А як мы з табой пачынаем? Мы, – гэта яна сказала дыпламатычна, нібыта і яна дольшчыца на тую нататку. – «Мы ўсе добра ведаем...» А калі мы ўсе добра ведаем, дык навошта тады і галаву людзям дурыць? Ты скажы пра тое, чаго мы не ведаем (У. Дубоўка. Жоўтая акацыя). – Насовіч, с. 53: І без папа знаем, што ў нядзелю свята; Янкоўскі, с. 181: Без папа ведаю, што ў нядзельку свята; Прыказкі, кн. 1, с. 332: Мы ведаем без папа, што ў нядзелю свята; Вядома і без папа, што ў нядзелю свята. І бога хвалі і чорта не гняві. І адных паважай, і другіх не настройвай супраць сябе. [Навум:] Пан з панам пазнаюцца, а мы ўсё-такі ў бядзе. Добра кажа прыгаворка: і бога хвалі і чорта не гняві (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). Бога любі, але і чорта не гняві. Якой бы Доля з нараджэння ні была, змагацца з гэтым лёсам, калі ён дрэнны, неяк трэба было спрабаваць. У народных песнях, казках беларус – напалову язычнік (бо быў бліжэй да прыроды): «Бога любі, але і чорта не гняві» (Звязда. 2003, 3 студз.). – Насовіч, с. 53: І богу маліся, і чорта не гняві; Ляцкі, с. 4: Бога хвалі, чорта не гняві; Федароўскі, с. 53: Бога не гняві і чорта не смяшы; Прыказкі, кн. 2, с. 158: І бога хвалі і чорта не гняві
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

адабеш
7 👁
 ◀  / 696  ▶