Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÇШто цешчы, абы дачцэ добра было, а дачка не жаліцца. І кабанчык у хлевушку рохкае, дурань, не ведае, што час яго адмераны. Зяць любіць узяць. І Сымоніха рада (А. Кудравец. Сачыненне на вольную тэму). Ну, што? Нажылася ўжо ў зяця ў горадзе? Пачакай, соладка не будзе... Кожны зяць любіць узяць... Вось як! (Я. Каршукоў. Тэкля і пеўнік). Іван Андрэевіч злавіў хітранькі падтэкст: не тое што некаторыя жмоты, але не пакрыўдзіўся, наадварот, развесяліўся яшчэ больш. «Зяць любіць узяць» (І. Шамякін. Вернісаж). Малодшы зяць насіў пагоны палкоўніка, даўно меў машыну, ездзіў да цешчы часцяком, асабліва як было чым пажывіцца: як выспелі ягады, як наліліся яблыкі, як падрасла бульба. Нездарма кажуць: зяць любіць узяць (У. Дамашэвіч. Месяц у Раі...). * [Ціхонь:] Чакай, сваток, пачакай, свацця! І з музыкай нельга спяшацца. Мы людзі не такія простыя, і каб нам сесці, вы павінны вуглы ды кішэні свае патрэсці. Сам ведаеш добра, што зяць стараецца ўзяць ды прыўзяць (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). А падзякі ад дзяцей хіба дачакаешся? Зяць, абы ўзяць, пакуль будзе што даць, а потым цешчу віламі на печ падсадзіць (А. Петрашкевіч. Злыдзень). – Насовіч, с. 53: Зяць любіць узяць; Прыказкі, кн. 2, с. 99: Зяць любіць узяць; Цесць любіць чэсць, а зяць любіць узяць. Зяць на парог – цешча за бутэльку (яешню). Пра гасціннасць цешчы пры сустрэчы з зяцем. Сін.: Зяць на парог – цешча за яйцы. Уваходзіць Ганна. У руках бутэлька гарэлкі. [Хазяінаў:] Вось гэта дзела: зяць на парог – цешча за бутэльку. Бадай што, гульнём... [Ганна:] Гуляй, мамо, гуляй, тату, развярнулі свінні хату (А. Петрашкевіч. Соль). – Прыказкі, кн. 2, с. 99: Зяць за парог – цешча за яешню; Зяць на двор, то і чарка на стол. Зяць на парог – цешча за яйцы. Гаворыцца звычайна жартаўліва ці іранічна пра гасціннасць цешчы пры сустрэчы з зяцем. Сін.: Зяць на парог – цешча за бутэльку (яешню). – Дамоў паспееш. А ў нас завядзёнка такая: госць на парог, закуска – на стол, як у прымаўцы. – Вечна ты, жоначка, перайначваеш прымаўкі, – роблена зморшчыўся Вількоўскі. – Трэба: зяць – на парог, цешча – за яйцы. – Без солейка не можаш, – адказала гаспадыня (Я. Курто. На свой хлеб). – Прыказкі, кн. 2, с. 99: Зяць на двор – цешча за яйцы
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
7 👁
 ◀  / 696  ▶