Çчыкі.. – Ён, мама, і раней часта бываў у нас. І шапталіся мы таксама... – Я-то нічога, хай ходзіць. Толькі баюся, каб не папаліся вы на чым. Асцярожнымі трэба быць. Злодзей крадзе, а лес бачыць... (Б. Сачанка. Загадка аднаго падполля). Злодзей хоць вуглы пакіне, а агонь усё забярэ. Пра разбуральную моц пажару. * – Збірала не адзін год, пэўна, дачцэ на пасаг... – Няма чаго ёй бога гнявіць. Гэта агонь, кажуць, усё забярэ, а злодзей хоць вуглы пакіне. Так што і бабе нешта асталося (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына). – Федароўскі, с. 357: Злодзей хоць вуглы пакіне, а агонь і тое забярэ; Прыказкі, кн. 1, с. 59: Ад злодзея вуглы застануцца, а ад агню нічога; Агонь горш за злодзея: злодзей хоць вуглы пакіне, а агонь нічога. Злодзею адна дарога, а хто шукае, таму многа. Гаворыцца як сцвярджэнне, што злавіць злодзея – складаная справа. – А Пятрусь жа дома? – Дзе вы бачылі?.. Пабег шукаць [украдзенага каня]... З Тамашом Кірыкам удвух. Дык каб жа ведаў хоць, у які бок бегчы... – Але. Злодзею, як кажаш, адна дарога, а хто шукае, таму многа, – згадзілася Ганская. – Дык я ж, Язэпка, пайду ўжо (К. Крапіва. Мядзведзічы). * [Гапон:] Ах, доля ж наша горкая! Відна, як мы крэпка паснулі, злодзеі адпраглі скацінку; трэба папрасіць каня ў суседа Ігната і гнацца. [Куліна:] Ці ты адурэў, ці што? Куды ты пагонішся? Для цябе дзесяць дарог, а для злодзея адна (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты). – Насовіч, с. 16: Вару адна дарога, а хто даганяець, таму многа; Федароўскі, с. 357: Злодзею адна дарога, а таму, хто гоніць, – дзесяць; Злодзею адна дарога, а тым, што ловяць, – дзесяць. З любым рай і ў шалашы. Гл. З мілым (з любым) рай і ў шалашы. Зляпіў бог душу – ні ў пень, ні ў грушу. Гаворыцца з асуджэннем пра таго, хто недарэчна паводзіць сябе. І ўсе гэтыя дні гарнуўся [Мазура] да Змітрыка.., і ўжо на ўсе вычваранні Грушкі толькі са злосцю касавурыўся: «Зляпіў бог душу – ні ў пень, ні ў грушу» (В. Адамчык. Год нулявы). І ўвесь час гэты чалавек апраўдваецца, прабачэння просіць, кланяецца па тры разы аднаму слупу... Ну што тут скажаш – зляпіў бог душу, ні ў пень, ні ў грушу (А. Кажадуб. Рака вады жывой). – Прыказкі, кн. 2, с. 310: Даў бог душу – ні ў пень, ні ў грушу; Сатварыў бог душу – ні ў пень, ні ў грушу
17 👁