ÇЗлавілі плотку, што не лезе ў глотку. Убачылі, здабылі, знайшлі што-н. нечаканае, абсалютна непатрэбнае. Рыбы не было, затое паважна сядзела дзябёлая зялёная жаба і са здзіўленнем пазірала на незнаёмую абстаноўку. Якуб так і паехаў са смеху. – Злавілі плотку, што не лезе ў глотку, – рагатаў ён (Я. Колас. На ростанях). Лісоўчыкі, якія скруцілі велізарнага шведскага рэйтара, не ведалі, што з ім рабіць. Палонны паныла стаяў між іх. Чырвоныя абдзёртыя рукі дробна трымцелі. – Злавілі плотку, што не лезе ў глотку, – разгублена шкроб падбародак Антон ДаніловічГоцкі. – Трэба было б адразу прыкончыць яго, і ўвесь гамон. А цяпер думай, куды дзець гэту жалезную ляльку (Л. Дайнека. Пра лісоўчыка, злога хлопчыка). – Янкоўскі, с. 215: Злавілі плотку, што не лезе ў глотку. Злазь з даху і не псуй гонту (гонты, гонтаў). Перастань займацца тым, да чаго няздатны. Гаворыцца як асуджэнне чыйго-н. няўмельства. Адкуль ні паглядзі – нікудышны Вы кіраўнік, нядбалы гаспадар. У народзе ў такіх выпадках кажуць: злазь з даху, не псуй гонту (А. Макаёнак. Старшыні калгаса «Спартак»). Я на тваім месцы абмазгаваў бы ўсё як след і, можа, сам адмовіўся б ад гэтай пасады. Раз не можаш, тады злазь з даху і, як кажуць, не псуй гонты... (В. Праскураў. Высокі поўдзень). [Сямёнаўна:] А цяпер, Фядос, злазь з даху і не псуй гонту! Свята ў нас... і суд вялікі... (А. Петрашкевіч. Укралі кодэкс). І мы з Санькам таксама заспявалі, дакладней кажучы, заверашчалі, хоць вушы затыкай... Скок нас з Санькам спыніў. – Ды ну вас, хлопцы, – махнуў ён рукой. – Злазьце з даху, не псуйце гонтаў (І. Сяркоў. Мы – хлопцы жывучыя). * Кадру, кадру гнаць на фронт! Даволі іх тут песціць! Пара ім з даху злезці, каб не псаваць тут гонт! (Я. Колас. На шляхах волі). Сцяпану дадзена адстаўка. Не псуй, брат, гонту, з даху злазь далоў (У. Корбан. Лоры і Жоры). Выклікаў аднойчы [трактарыста] Сцяпана старшыня калгаса ў свой кабінет. – Нам, братка, «балалаечнікаў» не трэба. Не хочаш быць чалавекам, дык, як той казаў, злазь з трактара і не псуй баразны (М. Пянкрат. Расказы дзеда Яўхіма). – Янкоўскі, с. 277: Злазь з даху і не псуй гонту!; БРС, т. 1, с. 329: Злазь з даху, не псуй гонтаў. Злодзей крадзе, а лес бачыць. Пра непазбежнасць раскрыцця таго, што было чыёй-н. тайнай. Сін.: Лес крадзе – поле бачыць; Лес усё чуе, а поле ўсё бачыць; Няма нічога тайнага, каб не стала яўным. Маці сказала, нібыта між іншым: – Нешта зачасціў да цябе Тамаш. Што ў вас з ім? Шэпчацеся, бы ўсё адно змоўш
18 👁