Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Çбудзе. – Восені яшчэ ладна наперадзе. А! У нас кажуць – зіма ліха, а без зімы яшчэ горш. Усяго трэба (А. Кажадуб. Старая хата). – Прыказкі, кн. 1, с. 72: Зіма – ліха, а без зімы яшчэ горш. Зімняя ночка – бацьку сарочка. Устар. Пра ручное прадзіва ў доўгія зімнія ночы. Сабіна дзеўкаю папасядзела за тымі кроснамі, нават помніць прымаўку: зімняя ночка – бацьку сарочка. Усё самі рабілі, ткалі, кроілі, шылі (А. Кажадуб. Стрэчанне). – Насовіч, с. 49: Зімняя ночка – бацьку сарочка; Прыказкі, кн. 1, с. 91: Зімняя ночка – бацьку сарочка. З кім жыць, таго не гнявіць. Нельга крыўдзіць таго, з кім разам жывеш ці жыў. – Цвёрда вырашылі ехаць? – бедавала Параска. – Як жа так... – З кім жыць, – развёў рукамі Саўка, – таго не гнявіць (І. Гурскі. Вецер веку). – Насовіч, с. 157: З кім жыць, таго не гнявіць. З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. З кім дружыш, жывеш, водзішся, ад таго міжвольна пераймеш погляды, прывычкі і пад. Мой таварыш Сяргей вельмі ахвотнік да рыбалкі. Уцягнуў ён у гэтую справу і мяне. Ды так уцягнуў – па самыя вушы! Недарэмна ж кажуць: «З кім павядзешся, ад таго набярэшся» (А. Якімовіч. На рыбалцы). Шыманскі сядзеў моўчкі, поўны дум, як далей жыць. «З кім павядзешся, ад таго і набярэшся, – меркаваў ён. – Калі апынуўся ў балоце, дык трэба неяк выкіроўвацца, каб не трапіць у дрыгву, бо можа засмактаць» (І. Гурскі. Чужы хлеб). [Валерыя Герасімаўна:] Не, дарагуша, далей ад такой інтэлігенцыі... Бо з кім павядзешся, ад таго і набярэшся (П. Васілеўскі. 2 × 2 = ?). А калі ведаеш, дык не хаўрусуйся абы з кім. Недарэмна ж кажуць: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Кніжкі лепей чытай, з добрымі людзьмі сустракайся... (Б. Сачанка. Вялікі Лес). * – А хутчэй – гэта ад Жаны. Яна любіць паказаць сябе. З кім павядзешся... – Ад таго блох набярэшся, – памог сястры Толя, без усмешкі і, здаецца, без асаблівай цікавасці да іх размовы (І. Шамякін. Атланты і карыятыды). – Прыказкі, кн. 1, с. 383: З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. З красы не пап'еш расы. Функц. не зам. Не краса, не прыгажосць істотна, важна. Гаворыцца пры выбары не зусім прыгожай нявесты або жаніха. Сін.: З дзявочай красы вады не нап'ешся. Па старых мерках, Сонька была б прыдатнай жонкай Барысу. Жыве побач. Не гультайка, майстрыца. Што красой не ўдалася, дык гэта не загана. Бацька казаў: «З красы не пап'еш расы» (У. Ліпскі. Цунамі над намі
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

напешся, папеш
13 👁
 ◀  / 696  ▶