Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Çмовы, бо зерне падае не на камень (Л. Левановіч. Бесядзь цячэ ў акіян). У страсным маналогу «кулака» Скуратовіча, акрамя недаверу да ўсіх на свеце, нямала горкай праўды пра жорсткасць жыцця, пра блізкі апакаліпсіс, калі дзеці, «трэцяе пакаленне», будуць бадзяцца беспрытульнымі па ваенных дарогах. Міхалка чуе гэтую яго правату: зерне падае не на камень (М.Тычына. Цана прароцтва). [Адамовіч] сказаў, што такая [дакументальная] кніга павінна быць, і такую кнігу можа зрабіць толькі жанчына. «Баба бабе раскажа тое, што ніколі не раскажа мужыку...» Святлана Алексіевіч тады працавала ў «Нёмане». Зерне ўпала не на камень... (А. Кудравец. Партрэты). Зерне было кінутае не на камень – яно ўзышло, дало плады. Адным з тых, хто гэтую ідэю [мець сваю самастойную дзяржаву] падтрымаў і панёс далей, быў удзельнік паўстання 1863 г. Ф. Багушэвіч (Б. Сачанка. Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні). Тое, што зрабілі нашы вялікія папярэднікі... не было дарэмным: зерні ўпалі не на камень і далі ўсходы (Н. Гілевіч. Людскае жыццё само не прыйдзе). Добрае, разумнае, справядлівае слова заўсёды дасць плён. Зерне падае не на камень (Настаўн. газ. 2007, 6 чэрв.). Так склалася: у свой час Уладзімір Нікалайчук быў студэнтам факультэта журналістыкі, а я працаваў выкладчыкам (настаўнікам) і вёў дысцыпліны творчага накірунку, кіраваў яго практыкай, быў кіраўніком курсавых і дыпломнай работы. Зерне, як бачыце, падала не на камень. Яшчэ ў студэнцкія гады Валодзя Нікалайчук раскрыў свой талент (Б. Стральцоў. Слова настаўніка). – Відаць, паходзіць ад назвы аповесці І. Пташнікава «Зерне падае не на камень» (1959). З-за блох не кінеш кажуха. З-за дробязей нельга пакідаць куды больш важнае, істотнае. [Дзед Ахрэм:] Панкі.. на карак селі казакам. І хоць ізноў у свет бяжы, шукай для волі рубяжы. [Рыгор:] Куды ж народ ўвесь уцячэ? Сам ад сябе ці што? Цячэ рака, а з рэчкай і ўюны, куды вада, туды й яны, куды народ, туды й паны. [Дзед Ксаверы:] Куды кажух, туды й блыха, з-за блох не кінеш кажуха (М. Клімковіч. Кацярына Жарнасек). * За апошнія гады не траплялася твора накшталт «Не хлебам адзіным» і яму падобных, аўтары якіх упадабаліся тым шукальнікам блыхі ў новым кажуху, якія з-за гэтай блыхі гатовы былі спаліць кажух (М. Лынькоў. Слаўны час). – Ляцкі, 10: Дзеля вошы кажуха не кінуць. Зіма ліха, а без зімы яшчэ горш. Пра дваякае стаўленне да зімы. – Управіліся да зімы ўжо? Тыдзень-другі, зусім малы дзень
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
10 👁
 ◀  / 696  ▶