Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÇЗакінь наперад – знойдзеш ззаду. Гл. Кінь (кінеш, закінь) наперад – знойдзеш ззаду. Закончан (скончан) баль – і дудкі ў торбу. На гэтым і канец. Ужываецца (часцей жартаўліва) як выказванне пра завяршэнне чаго-н. Заслона апускаецца. Застаецца адзін Несцерка. – Ну, людцы добрыя, закончан баль – і дудкі ў торбу! Вось гэтак і жывём – часам плачам, часам скачам (У. Бутрамееў. Новыя прыгоды Несцеркі). – Прыказкі, кн.2, с. 197: Скончан баль – і дудкі ў торбу. Закон што дышла, куды павярнуў, туды і выйшла. Закон заўсёды можа быць выкарыстаны самачынна, самаўпраўна. Гаворыцца як адмоўная ацэнка несправядлівасці, што чыніцца пад прыкрыццём закона. А пасвіць жывёлу і ў пушчы і на Абадку нам па старых законах было забаронена. Забараняе нам гэта рабіць не закон, а пан. Вось тут і разбярыся ў такіх законах. Недарэмна ж кажуць: «Закон што дышла, куды павярнуў, туды і выйшла...» (А. Якімовіч. Канец сервітуту). – Закон, суседзе, што дышла, куды павярнуў, туды і выйшла, – ківаў галавой Даніла (І. Аношкін. Чырвоная каліна стаяла). А дзе хто што хапае, то гэта справа розуму, таленту, спрыту. Законы ўсюды абыходзяць, як хто ўмее. «Закон – што дышла, – кажа народ, – куды павярнуў, туды і выйшла» (І. Шамякін. Крывінка). Закон што дышла, куды павярнуў, туды і выйшла. За аднолькавае злачынства адзін, скажам, атрымлівае 15 гадоў, другі 5 ці нават 3 гады пазбаўлення волі (Звязда. 1992, 13 лют.). * Аказваецца, мы парушэнне зрабілі, ледзь па вымове нам не закацілі. Хоць і кажуць: закон што дышла, як павернеш, так і выйшла, але ж... Тая прымаўка ад старых часоў. Цяпер лепш закон не парушаць (Б. Сачанка. Дарога ў Хатынь). – Прыказкі, кн. 1, с. 356: Закон як дышла: куды павярнуў, туды і выйшла. За маё жыта ды мяне і пабіта (набіта). Гаворыцца з незадавальненнем, калі каму-н. за яго дабро адплачваюць злом. Куды я трапіў? І мяне, няйнакш, як рыштанта водзяць? А за што? За маё жыта ды мяне і пабіта (Б. Сачанка. Вялікі Лес). – Спусціце гэтаму гнойнаму жуку парткі і на задзе ягоным напішыце плёткамі маё княжнае слова: «Не радуйся чужой бядзе». – За маё жыта дый мне ж набіта, – разгублена сказаў смерд, калі падступалі ўжо да яго з гарачымі плёткамі (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды). – Насовіч, с. 45: За маё жыта ды й мне набіта; Прыказкі, кн. 1, с. 317: За маё жыта мяне пабіта; За наша жыта нам жа пабіта; За маё жыта ды мяне ж біта
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
15 👁
 ◀  / 696  ▶