ÇЗаймі чорта ад варот, дык ён цераз плот. Гаворыцца пра бескарыснасць якіх-н. дзеянняў, бо яны не дадуць станоўчых вынікаў. Гэтыя новыя межы на знос пойдуць. І гэта, што падзялілі гэтыя дзялянкі, што адхапілі ад хутароў (і тваё тут дабро запала), – усё ў адзін кацёл пойдзе. Усё як ёсць!.. Народ, можа, паддавацца не будзе, але гэта... займі чорта ад варот, дык ён цераз плот! (К. Чорны. Лявон Бушмар). – Федароўскі, с. 69: Заступі чорту ад акна, то ён праз дзверы; Заступі чорту парога, то ён у комін. Зайца ногі ратуюць. Чый-н. намер ці парада каму-н. уцякаць як адзіны спосаб выратавацца ад чаго-н. [Франэк:] Вартавы – нічога? [Павел:] Я яго... Давялося. [Франэк:] Ай-яй-яй... Праз 20 мінут у іх змена. [Кузнечык:] Братцы, зайца ногі ратуюць... Хутка світаць пачне. Клічце Улімку і ходу (А. Дзялендзік. Грэшная любоў). – Прыказкі, кн. 2, с. 297: Заяц бярэ нагамі. За кампанію і цыган павесіўся. Гаворыцца жартаўліва пра таго, хто гатоў рабіць што-н. заадно з іншымі толькі таму, што гэтае самае робяць і яны. Міхась таксама спачатку не згаджаўся гуляць [у карты]. І толькі тады, калі Васіль раззлаваўся і сказаў яму, каб не выломваўся, як тая паненка, ён узяў карты – за кампанію, маўляў, і цыган павесіўся (Л. Гаўрылкін. Сорак кіламетраў роздуму). – Па злоту з брата – не вялікая страта, га?.. – За кампанію, кажуць, цыган павесіўся... Можна і так (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына). Кажуць, за кампанію і цыган павесіўся. Дык вось і з малодшымі палітрукамі нешта падобнае было – «беластоцкія», у тым ліку і доктараў брат, вырашылі ехаць да месца службы кружной дарогай, праз Гродна, балазе быў час, і яны, такім чынам, ніколькі не пазніліся (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі). * Пятро Аляксеевіч шаўковы, пакуль у кампанію не зацягнуць. А за кампанію ён гатоў павесіцца, як той цыган (І. Шамякін. Завіруха). – Не ведаю, як хто, а я буду спаць пад яблыняй, – заявіў Толік.. – Я таксама ў садзе, – сказаў Ігарок... – А я, як той цыган, што за кампанію павесіўся. – Старэйшы таксама пажадаў спаць у садзе (Л. Гаўрылкін. Касцы). [Віктар] адзін не п'е, няма яшчэ такое звычкі, а ў кампаніі – атлёт... Павесіўся б, як той цыган, за кампанію... (П. Місько. Ціхае лета). – Прыказкі, кн. 1, с. 376: За кампанію цыган павесіўся. Закінеш назад – знойдзеш наперадзе. Гл. Кінь (кінеш) за сабою, то знойдзеш перад сабою
17 👁