Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ç* [Ян:] Але, кажучы між намі, і ў Парыжы дурань зглупіць: каб меў золата пудамі, сабе розуму не купіць (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). – Федароўскі, с. 264: Усё за грошы купіш, толькі розуму не купіш; Прыказкі, кн. 2, с. 235: За багацце розуму не купіш. Забаронены плод салодкі. Функц. не зам. Штосьці прывабнае, спакуслівае, але недазволенае заўсёды прыцягвае, вабіць. Рыхцік маніў, а яму верылі, і малыя верылі, і дарослыя. Гарвась спрабаваў зразумець, чым ён адурманьваў людзей, чаму яны цягнуліся да яго, як галодныя да хлеба, верылі паганаму слову, а не боскаму. «Забаронены плод салодкі!» – вучыў ён братоў і сясцёр (А. Кажадуб. Дуб). Лоўля вугра вельмі строга забаронена. Ды забаронены плод салодкі. Але колькі б лёска ні разматвалася, канец некалі будзе (Вожык. 1994. № 7). * Дзяцей збіралася даволі многа, і сена мы дратавалі «па-чорнаму». Дарослыя нам забаранялі гэта рабіць, часцяком праганялі, але забаронены плод робіцца яшчэ смачней (С. Давідовіч. Марык). – Паўкалька з рускай мовы (Запретный плод сладок), дзе прыказка склалася на аснове біблейскага міфа пра першых людзей на зямлі. Паводле Бібліі, Бог дазволіў Адаму і Еве есці плады з усіх дрэў, акрамя дрэва пазнання дабра і зла: «І не датыкайцеся да іх, каб вам не памерці» (Бытие, 3,3; Бытие, 2, 16–17). Аднак занадта цікаўная Ева не ўтрымалася, каб не сарваць забаронены плод, і спакусіла таксама Адама. За гэта абое былі пакараны і выгнаны з раю. На базе прыказкі ўтварыўся фразеалагізм забаронены плод, які ўжываецца са значэннем 'штосьці прывабнае, спакуслівае, але недазволенае': «Грамадзянін Міхалёў пакаштаваў забаронены плод, які аказаўся для яго атрутным» (А. Масарэнка). – БРС, т. 1, с. 419: Забаронены плод салодкі. Забілі зайца не забілі, а гуку (шуму) многа нарабілі. Хоць вынікі і нязначныя, але водгалас ад якіх-н. дзеянняў вялікі. – Як ваша ўражанне? Словам, раскажыце, якія вынікі ад выбуху? – Вынік, – усміхнуўся Зазыба і пачухаў патыліцу, яўна спрабуючы гэтакім чынам зменшыць уражанне ад свае ўсмешкі. – Ведаеце, ёсць такая людская прымаўка: забілі зайца – не забілі, а шуму многа нарабілі (І. Чыгрынаў. Свае і чужынцы). – З паэмы Я. Коласа «Новая зямля», адзін з раздзелаў якой («Зіма ў Парэччы») завяршаецца радкамі: «Нідзе не бачылі зайцоў, і дзядзьку стрэліць не прыйшлося, але пачулі ад Антося: – Забілі зайца не забілі, але, брат, гуку нарабілі
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
7 👁
 ◀  / 696  ▶