Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÆЖывы пра жывое і думае. Гл. Жывому (жывым) наўме жывое. Жыццё (век) пражыць – не лапці сплесці. Жыццё пражыць – не лёгкая справа. Сін.: Век звекаваць – усяго пазнаць; Век зжыць – не мех сшыць; Жыццё пражыць – не поле перайсці. Вось такая была ў Любы гісторыя з няўдалым каханнем. Ды, уласна кажучы, з кім іх не бывае? Жыццё пражыць – не лапці сплесці (А. Кажадуб. Гісторыя пра Любу Дворкіну). – Дык вось, братка, век пражыць – не лапці сплесці, усякае бывае... Што зробіш з бабай – пайшоў я адзін у калгас (А. Рылько. Сама зразумела). – Прыказкі, кн.2, с. 405: Жыццё пражыць – не лапці сплесці. Жыццё закон нязломны мае: ніколі праўда не ўмірае. Кніжн. Гаворыцца з упэўненасцю і верай у перамогу справядлівасці. Сін.: Праўду не схаваеш; Усё мінецца, а праўда застанецца. – Я і спадзяюся, што, як Сяргей паздаравее, я змагу сваю сілу паказаць гэтым [нягоднікам]... Жыццё закон нязломны мае – ніколі праўда не ўмірае, – задуменна сказала Аксана нібы сама сабе, калі мы развітваліся (Н. Бабіна. Рыбін горад). – Паходзіць з верша У. Дубоўкі «Ніколі праўда не ўмірае» (1929), які пачынаецца радкамі: «Жыццё закон нязломны мае: ніколі праўда не ўмірае». Жыццё пражыць – не поле перайсці. Жыццё пражыць – не лёгкая справа. Сін.: Век звекаваць – усяго пазнаць; Век зжыць – не мех сшыць; Жыццё пражыць – не лапці сплесці. Жыццё пражыць, сынок, не поле перайсці. Так не бывае, каб чалавек пражыў без адзінай хмурынкі. Будзеш ты бачыць і шчасце, можаш стрэць і бяду... (У. Краўчанка. Не поле перайсці). Усё-такі якое складанае і незразумелае жыццё, што калісьці здавалася такім простым і бесклапотным... Нездарма ж людзі кажуць: «Жыццё пражыць – не поле перайсці» (М. Аўрамчык. Палон). Зазіраючы ў тое сваё далёкае мінулае, Алесь яшчэ і яшчэ раз пераконваўся ў мудрасці прымаўкі: «Жыццё пражыць – не поле перайсці» (І. Новікаў. Ачышчэнне). Кажуць, жыццё пражыць – не поле перайсці. Праўду кажуць. Асабліва, калі такое жыццё, як у Івана Сцяпанавіча Шмеі (М. Замскі. Не поле перайсці). Беларус відочна-рызыкоўны, нібы ў шахматнай гульні, ў жыцці... А жыццё пражыць, мой друг цудоўны, так і ёсць, – не поле перайсці! (В. Жуковіч. Андрэю Федарэнку). * Умарыўся!.. Жыццё пражыць – не поле перайсці з сахой... (З. Бядуля. Умарыўся). Барані цябе бог, унучак, але ведай: не хачу я, каб ты няўмекам і лядачым рос... Жыццё чалавеку пражыць – не
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
10 👁
 ◀  / 696  ▶