Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Æ– Раманаў, с. 296: Жывы аб жывое і думаець; Ляцкі, с. 12: Жывы аб жывое й думае; Прыказкі, кн. 2, с. 220 і 483: Жывое аб жывым думае. Жыву як той гарох пры дарозе – хто ідзе, той і скубе. Гл. Жывём (жыву) як той гарох пры дарозе – хто ідзе, той і скубе. Жывы (жывым) у зямлю (у магілу, у ямку) не палезеш (не ляжаш). Заўчасна не памрэш. Гаворыцца як апраўданне становішча, з якім прыходзіцца мірыцца. – Дык ты, бабка, не ведаеш, чаго мы на свеце жывём? – Не, панічок, не ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расце, дык хіба ж бы яно вам адказала? Так і я не магу адказаць вам. Жывём, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць (Я. Колас. На ростанях). Ну, а згадзіся, сястрыца: бывае, што памрэ чалавек. Такі ўжо лёс... Ласне другому, будзь то маці сабе, не трэба жыць? Жывым жа ў зямлю не палезеш... (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Слязьмі гору не паможаш, нудой бяду не разгоніш. Трэба як-небудзь мадзець. Жывым жа.. у ямку не палезеш (М. Гроднеў. Пярэдадзень). – Жывадзёр! – са злосцю ўсклікнуў Язэпка. – Усе жывадзёры... – Што ж зробіш... Жывым у зямлю не ляжаш... (А. Якімовіч. Адкуль ліха на свеце). Стары ці старая забываліся на ўсё, што ні рабілі, яны не толькі не маглі перайсці хату, але ў іх адбірала і розум, яны слеплі, глухлі. Ды, як тады казалі, жывы ў зямлю не ляжаш... (Б. Сачанка. Вечны кругазварот). – Як гляну во на рэчку, так і свайго хлопчыка ўспомню. – Што ты, Вольга? – перасільваючы боль у крыжы, адапхнулася ад слупка Алеся. – Жывым у магілу не ляжаш (В. Адамчык. Год нулявы). Люба з горыччу спытала ці мо сказала сама сабе: – А калі прымусяць працаваць на іх, фашыстаў, што тады? – Жывая ж у магілу не палезеш, – адказала бабка. – А без працы не пражывеш, асабліва ў горадзе. Памрэш з голаду (В. Давыдзенка. Свае і чужыя дарогі). * Гэта ж у зямлю жывой трэба легчы, чуючы гэткія штукі... (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Не сілы дзеда цягацца па хатах, але што зробіш – не лезці ж жывым у яму (У. Галубок. Смерць старца). І зноў тут Вараны напружыў спіну, і зноў штодзень яму без жалю плечы трэ хамут (бо не ў зямлю ж жывому лезці) (К. Крапіва. Вараны). – Прыказкі, кн. 2, с. 220: Жывы ў зямлю не палезеш. Жывым наўме жывое. Гл. Жывому (жывым) наўме жывое. Жывым у зямлю не палезеш. Гл. Жывы (жывым) у зямлю не палезеш
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
14 👁
 ◀  / 696  ▶