Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ä* Дзіва, кайзеру патрэбны будуць халуі... Здраднікаў не сеюць і не жнуць, яны самі родзяцца (І. Гурскі. Вецер веку). І ёсць жа гэткія ахламоны, не пераводзяцца. Нездарма людзі кажуць: дурняў не сеюць і не жнуць, яны самі растуць... (В. Гігевіч. Палтэргейст). – Я чуць не самлела, калі ўбачыла цябе на хісткіх рыштаваннях са стамескай. Зявак натоўп сабраўся. Душу раздзіралі каментарыі некаторых. Смяяліся людзі. – Дурняў не аруць, не сеюць, яны самі вырастаюць... Я ганебнае што рабіў, калі на пні выразаў цэлую казку?.. (І. Шамякін. Бумеранг). – Насовіч, с. 39: Дурняў не сеюць, а самі родзяцца; Федароўскі, с. 85: Дурняў не сеюць, не гаруць: яны самі родзяцца. Душа чалавека не кажух, не вывернеш. Цяжка зразумець душэўны стан, намеры, настрой, паводзіны якога-н. чалавека. Сін.: Чужая душа – пацёмкі. Чаму ён такі сумны? З ім штосьці робіцца, гэта ясна, але як ты заглянеш у чужую душу? Душа не кажух, не вывернеш. Па вачах, па твары відаць, што жыццё ў Арсеня нялёгкае (І. Гурскі. У агні). – А-а-а, – успомніў Максім, – я яго, рыбалова, ведаю. А ўсё ж трэба асцерагацца... Душа чалавека не кажух, не вывернеш... (Маладосць. 1971. № 7). – Янкоўскі, с. 162: Душа чалавека не кажух, не вывернеш. Дыму без агню не бывае. 1. Гаворыцца ў дачыненні да дыму. [Галілей:] Цыркулярную печку раблю, цыркуляцыя, значыцца, духу. Хачу, каб без дыму. Дым цеплыню з хаты выносіць, Марына Паўлаўна. [Марына Паўлаўна:] Дыму ж без агню не бывае, дзядзька Ахрэм (М.Зарэцкі. Сымон Карызна). Нядрэнныя Брандмайстар вочы мае: надоечы здалёк убачыў ён дымок, а дыму ж без агню, напэўна, не бывае. – Пажар! Пажар! – сігнал трывожны. – Гарыць! Скарэй! Гарыць! (К. Крапіва. Пажар). 2. На ўсё ёсць свая прычына; без прычыны нічога не бывае. Гаворыцца тады, калі распаўсюджваюцца якія-н. чуткі. Сін.: Каб не было снегу, не было б і следу. Прыпісалі б яе мужу любую другую жанчыну, у Валянціны Андрэеўны, магчыма, яшчэ ўзніклі б нейкія падазрэнні: не бывае дыму без агню. Але Маша... (І. Шамякін. Сэрца на далоні). – Не разумею. Адкуль гэта пайшло? – Паважаны Пётр Фёдаравіч, дыму без агню не бывае. Так? Недзе нешта нейкае выткнулася. – Вера Данілаўна, вы паверце мне: з майго боку – нічога (Я. Ермаловіч. Валуны). Цяпер ужо бачылі галоўнае, новая ўлада – свая. Калі што і не так, можна пацярпець. Маўляў, усяе падаплёкі вывезеных і пакрыўджаных я не ведаю, але дыму без агню не бывае (А. Карпюк. Хроніка майго пакален
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
8 👁
 ◀  / 696  ▶