Äрань не той, што спатыкаецца, а той, хто на тым жа месцы двойчы робіць гэта (І. Чыгрынаў. Чалавек з мядзведжым тварам). Дурань чырвонаму (з чырвонага) рад. Праст. Ужываецца як выражэнне насмешлівых ці жартоўных адносін да таго, каму падабаюцца прадметы чырвонага колеру. Ласы карэйцы на ўсялякія чырвоныя стужкі – чырвонаму, кажуць, кожны дурань рад (Я. Лёсік. Хто вінавайца вайны). – Прыказкі, кн. 2, с. 245: Дурань чырвонае любе; Дурань – варона, любіць чырвона; Дурань заўсёды краснаму рад; Дурань з чырвонага рад. Дурная помач горш за немач. Адмоўная ацэнка чыёй-н. дапамогі, паслугі, вынікі якой даюць не карысць, а шкоду. А колькі прыйдзецца папацець, каб адмяніць старыя і выпрацаваць новыя і талковыя законы, бо дурная помач горш за немач?! (В. Гроднікаў. Непаднятая цаліна). – Насовіч, с. 38: Дурная помач хужы немачы. Дурная справа няхітрая. Гл. Дурное дзела няхітрае. Дурное дзела няхітрае. Гаворыцца з асуджэннем пра дрэнную, непрыемную справу, выкананне якой не патрабуе ніякай кемлівасці, умельства. Аляксей схапіў сякеру і ўжо хацеў адбіваць цэлы пралёт плота ад вуліцы. – Стой!.. Дурное дзела няхітрае... Дазваляю адбіць дзве планкі (П. Місько. Самыя кароткія ночы). – За ноч паспяваў прыгалубіць каторую, кухталёў атрымаць, натанцавацца і да раніцы дадому вярнуцца. – Дурное дзела – няхітрае, – па-свойму пахваліў начальніка яго падначалены (У. Саламаха. Там, дзе самота і радасці...). – Сазонавіч, папрасі ў Эмількі бутэльку. Мне яна не дасць. А табе не пашкадуе. – Не, Кузьміч, хопіць. Мы з табой ужо назбіраліся. Як жаба гразі. Дурное дзела... не хітрае... Сядзь во лепей, пасядзі (Л. Левановіч. Чабор). – Гэтыя шлёмы [будзёнаўкі], запомніце, мастак яшчэ адзін выдумаў, іхні, рускі – Васняцоў быў такі! І прыдумаў даўно, пры Мікалаі яшчэ, і нарабілі іх мо мільёны, а тут рэвалюцыя – вось бальшавікі і прысвоілі... – Ну дык! – Дурное дзела няхітрае! – падтрымалі дзядзьку – старога салдата. – Гэта ж не шыць, а зрывай замкі, грабі награбленае, як яны кажуць!.. (А. Федарэнка. Нічые). Дурная справа няхітрая. – Цябе тады [Люська] перад генералам апраўдала, дык ужо і справядлівая. – А што ж – і апраўдала. Уратавала. Калі б не яна – расстралялі б за нішто. Дурная справа – не хітрая. Шлопнулі б, і ўсё... (В. Быкаў. Трэцяя ракета). – Прыказкі, кн.2, с. 319: Дурное дзела не хітрае
7 👁