ÄДорага лыжка к абеду. Гл. Дарагая (дорага) лыжка к абеду. Дораг той куток, дзе абрэзалі пупок. Гл. Міл (мілы, дораг) той куток, дзе абрэзалі пупок. Доўг не вяроўка, ззаду не цягнецца. Кажуць, супакойваючы таго, хто перажывае з-за немагчымасці вярнуць, аддаць пазычанае. Маці як пазычыць грошы і не можа іх у час аддаць, непакоіцца ўсё. А бабуля ёй: «Доўг не вяроўка, ззаду не цягнецца» (С. Лобач. Горкую лілею пакашу...). Доўг не вяроўка, не парвецца. Доўг (пазычанае) трэба вяртаць. [Кудрачок:] А мяне чорт штурхануў – захацеў пабагацець. Узяў казённыя грошы, звязаўся з гандлярамі, – абяцалі барыш, атрымаўся шыш. Ледзь у астрог не трапіў. Вось пан Пшэбыеўскі і даў – і купіў мяне з вантробамі. [Несцерка:] Тае бяды. Доўг – не вяроўка, не парвецца. [Кудрачок:] Не вяроўка, а шыя ў пятлі. Не проста ён грошы даў – прыглянулася яму мая дачка – Кацярына. Патрабуе замуж за сябе (У. Бутрамееў. Новыя прыгоды Несцеркі). – Прыказкі, кн. 1, с. 485: Доўг не вяроўка – не парвецца. Другіх слухай, а сваім розумам жыві. Гл. Людзей (другіх) слухай, а свой розум май. Другіх слухай, а свой розум май. Гл. Людзей (другіх) слухай, а свой розум май. Дружба дружбай, а служба службай. Сяброўскія адносіны не павінны ўплываць на службовыя. [Цесакоў:] Вы ж казалі, што ён ваш стары друг. Яшчэ ў камсамоле разам былі. [Глуздакоў:] Дружба дружбай, а служба службай (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце). – Хто гэта так службу нясе? – Даруй, дзядзька Дзяніс, – ідучы поруч з вазком, прасіў юнак. – Не. Дружба – дружбай, а служба – службай (І. Гурскі. У агні). Андрэй жа сёння, можна сказаць, уратаваў Сяславіна ад смерці... Гэты довад Андрэю было сорамна выстаўляць нават перад самім сабой – ён быў сумленны чалавек і разумеў, што, як кажуць, дружба – дружбай, а служба – службай (А. Марціновіч. Няхай ідзе дождж). Дружба дружбай, а служба службай... Не я ўводзіў правіла для завуча, каб гаварыць пра ўрокі, не я гэта буду зводзіць... (Г. Далідовіч. Завуч). – Насовіч, с. 37: Дружба дружбаю, а служба службаю; Прыказкі, кн. 1, с. 359: Дружба дружбаю, а служба службаю. Дружба, дружба – цяжкая твая служба. Сапраўдная дружба – не лёгкая справа, заснаваная на агульнасці інтарэсаў, узаемнай прыхільнасці і яшчэ шмат на чым. [Хазяінаў – падае руку Івану:] Трымай на дружбу. І чарвякоў капай. У пятніцу нанач едзем, месца
15 👁