ÄЛугі не ўсе пакошаны). – Ты лепей раскажы, што там за варотамі? – Там дождж. – Гэта мы самі бачым і чуем. І ведаем: дождж не тады ідзе, калі просяць, а тады, калі жнуць і косяць (Я. Сіпакоў. Гумно). Дождж ідзе не там, дзе просяць, а дзе косяць, не там, дзе ждуць, а там, дзе жнуць. – Штосьці я вас, дзядзька Пятрок, не разумею... – падышоў Лёня да тэлевізара. – Ач ты, дождж на заўтра сказалі... – Ага... Дождж ідзе не там, дзе просяць, а дзе косяць, не там, дзе ждуць, а там, дзе жнуць (П. Місько. Градабой). * Дождж кажа: «Не пайду туды, дзе просяць, а туды, дзе косяць; не пайду, дзе ждуць, пайду, дзе жнуць» (Я. Колас. Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле). – Раманаў, с. 295: Дождж не там ідзець, дзе просяць, а дзе сена косяць; Прыказкі, кн. 1, с. 54: Дождж не тады ідзе, як просяць, але тады, як косяць; Дождж ідзе не тады, калі просяць, а калі жнуць і косяць; Не тады дождж, як ждуць, а тады, як жнуць. Дождж ідзе не там, дзе просяць, а дзе косяць, не там, дзе ждуць, а там, дзе жнуць. Гл. Дождж ідзе не тады, як просяць, а тады, як жнуць ды косяць. Доля як стадоля, а шчасце як заезджая карчма. Пра нешчаслівую долю. Доўга не засынаў. А прачнуўся з прымаўкай, хутчэй за ўсё мамінай: «Доля – як стадоля, а шчасце – як заезджая карчма». Тут яшчэ трэба думаць, што да чаго... (Я. Брыль. Парастак). – Прыказкі, кн. 2, с. 420: Доля, мая доля, шчасце як таўкач; Федароўскі, с. 79: Доля як бандоля, а шчасце як мушкет. Дома і вуглы памагаюць. Гл. У сваёй хаце (у сваім доме) і вуглы памагаюць. Дома і салома ядома. Дома, у прывычных абставінах жыць лягчэй, чым дзе-н. у іншых умовах. Ужываецца звычайна тады, калі гаворыцца пра харчаванне, ежу. Сін.: Хоць еш крапіву і салому, але пры дому. Вазьмі яшчэ гэты кавалачак, сынок, вазьмі! Мы тут як-небудзь, а табе трэба вучыцца, трудзіць мазгі. Бяры, не глядзі на нас... Мы дома. А дома і салома ядома (У. Дамашэвіч. Студэнты апошняга курса). – А вы з чым застаняцеся? – Уладзік, мы пераб'ёмся. Мы ж дома. А дома і салома ядома, казаў мой бацька (І. Шамякін. Сатанінскі тур). Ды саўладаць можна з думкамі горкімі не на чужыне, а дома: там і акно мамы свеціцца зоркаю, там і салома ядома... (С. Законнікаў. Развітанне з Італіяй). – Прыказкі, кн. 1, с. 288: Дома і салома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне
Дадатковыя словы
перабёмся
9 👁