Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÄДзяды не зналі бяды, а ўнукі набраліся мукі. Часам лічаць, што раней, у мінулыя гады, было, жылося лепей, чым цяпер. [Панас:] Мой сынок, ці мне ўжо дужацца! Чакаю толькі веку, дамавіны магільнай. Пабачыць бы сёлетняе збожжа, каб спачыць з ціхай мыслю аб спрацаваных унуках. [Саўка:] Дзяды не зналі бяды, а ўнукі набраліся мукі! (М. Грамыка. Змітрок з Вялікай Буды). Нашы дзяды не ведалі бяды, іх унукі спазналі мукі. Парвалася пупавіна паміж дзецьмі і бацькамі. І падаюць, спяшаюцца хутчэй адысці на той свет бацькі... Сапраўды, нашы дзяды не ведалі бяды, іх унукі спазналі мукі (В. Казько. Да сустрэчы). – Прыказкі, кн. 1, с. 444: Нашы дзяды не зналі бяды, але ж унукі набраліся мукі; Дзяды не зналі бяды; насталі ўнукі, набяруцца мукі; Дзяды не зналі бяды, а ўнукі даждаліся мукі; Федароўскі, с. 93: Дзяды не зналі бяды, але ўнукі зажываюць мукі. Дзяк не поп, бярэ і боб. Гаворыцца з асуджэннем пра прагнага чалавека, які нічым не грэбуе. [Лена:] Як табе не брыдка? Ты ж ад мамы ўсё грабеш! Пра цябе ж сказана: дзяк не поп, бярэ і боб! (М. Гіль. Развод). – Ляцкі, с. 14: Яна не поп, бярэць і боб; Янкоўскі, с. 278: Іван не поп, бярэ і боб. Дзякуй гэтаму дому, пайшлі (пойдзем) к другому. Гавораць, часам жартаўліва, пры развітанні перад адыходам, ад'ездам куды-н. Васіль прывычна агледзеў аўтамат, праверыў затвор. Усё як мае быць, нават магазін поўны. – Забагацею – разлічуся, – павярнуўся ён да старшыні... Ну што ж, дзякуй гэтаму дому, пайшлі к другому (А. Кажадуб. Даўгі нашы). – Прыказкі, кн. 1, с. 403: Спасіба гэтаму дому, пойдзем к другому. Дзякуй гэтаму столу, а мы пойдзем дадому. Развітальнае выказванне пасля гасцявання. І пакуль тое яшчэ далёкае, запаўночнае «Дзякуй гэтаму столу, а мы пойдзем дадому!», пакуль гаспадарлівае: «То выбачайце: што кепскае, то не мы!» – усё новыя і новыя слоўцы і жартачкі гучаць над бяседным сталом дома пад таполяй (А. Лойка. Як агонь, як вада). – Выслоўі, с. 147: Дзякуй гэтаму столу, пойдзем к свайму дому. Дзякуй на хлеб не намажаш. Адной падзякай не адкруціцца. Часцей жартаўліва-іранічны адказ на слова «дзякуй». Успомнілася народнае: «Дзякуй на хлеб не намажаш». І таму дасылаю квіток з аплатай. Разумею – мала. Але паверце, на большае ваша «рэкляма» не цягне (А. Пісьмянкоў. Дзякуй за «рэкляму
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

адездам
10 👁
 ◀  / 696  ▶