Ä– Насовіч, с. 2: Айдзе чорт сам няймець, там бабу пашлець; Федароўскі, с. 68: Дзе чорт сам не справіцца, туды бабу пашле; Прыказкі, кн. 2, с. 77: Дзе чорт не дойдзе, туды бабу пашле. Дзе чубы трашчаць, там і пэйсы ляцяць. У вялікай справе не звяртаюць увагі на дробязі. Гаворыцца як апраўданне памылак, недахопаў, ахвяр, якія не закранаюць асноўнага, сутнасці справы. Сін.: Лес сякуць – трэскі ляцяць. – Мядзведзі вы! – крыкнуў пан! – Толькі шкоды наробіце. – Эх, пане, дзе чубы трашчаць, там і пэйсы ляцяць, – сказаў Рыгор (Я. Колас. У балоце). – Санько, с. 23: Дзе чубы трашчаць, там і пэйсы ляцяць. Дзіравага мяшка (меха) не напоўніш (не напхаеш). Ніяк немагчыма задаволіць кагосьці чым-н. Сін.: Бяздоннай бочкі не напоўніш. [Маланка:] Колькі год адзін шляешся – і да бабы цябе не цягне – га? [Несцерка:] Ну, ну, дзіравага меха не напоўніш, карысці ад вас, ад баб, вось я лепш сто грамаў вып'ю (У. Бутрамееў. Новыя прыгоды Несцеркі). – Насовіч, с. 34: Дзіравага мяшка, як ні супаўняй, не супоўніш; Федароўскі, с. 182: Без дна мяшка не напоўніш; Сцяшковіч, с. 588: Дзіравага мяшка не напхаеш. Дзіця за руку бярэш – маці за сэрца. Пра чуйнае рэагаванне маці на адносіны каго-н. да яе дзіцяці. Я даўно прыкмеціла, Алёша, ты любіш дзяцей, і яны цябе любяць. Значыць, і жонка будзе любіць. Прыкмета ёсць такая: дзіця за руку бярэш, маці – за сэрца. Не чуў? Гэта наша мама так гаварыла (В. Праскураў. Рута-мята). – Прыказкі, кн. 2, с. 114: Узяў дзіця за руку – матку за сэрца; Янкоўскі, с. 135: Узяў дзіця за руку – матку за сэрца бярэш. Дзіця не плача, матка (маці) не дагадаецца. Пакуль не скажаш пра тое, што табе трэба, нельга разлічваць на чыю-н. дапамогу. А я ўжо смак гарэлкі забыўся: не каштаваў бадай тры гады... Ніхто мяне не частуе: дзіця не плача, матка не дагадаецца, казаў той (З. Бядуля. Летапісцы). Не магу ж я памятаць аб кожным. Ты ў мяне не адзін. Людзі кажуць: дзіця не плача – маці не дагадаецца. Прыходзь сюды заўтра а дзявятай гадзіне вечара, пагутарым (М. Машара. Старонкі летапісу). Пакуль дзіця не заплача, маці не дагадаецца. Што яшчэ скажаш, братухна? Што ты ведаеш пра маю жытку, акрамя плётак? Чужая болька не баліць, і пакуль дзіця не заплача, маці не дагадаецца... (П. Місько. Градабой). – Насовіч, с. 35: Дзіцятка не плачыць, мамка не знаець; Прыказкі, кн. 2, с. 122: Дзіця не плача, маці не дагадаецца
Дадатковыя словы
выпю
11 👁