Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÄДзела дзельніка (справа майстра) баіцца. Ва ўмелых руках дзела (справа) спорыцца. Цар скамарохаў пахваліў парашок і майстра: – Дзела дзельніка баіцца (З. Бядуля. Сярэбраная табакерка). Недарма кажуць: справа майстра баіцца. Сёння ж аддам у друкарню. А цяпер будзем абедаць (І. Гурскі. Вецер веку). – Насовіч, с. 34: Дзельніка дзела баіцца; Прыказкі, кн. 1, с. 147: Дзельніка дзела баіцца; Дзела майстра баіцца; БРС, т. 1, с. 662: Справа майстра баіцца. Дзе людзі бяднеюць, там паны багацеюць. Пра сацыяльную няроўнасць і ўзаемаадносіны паміж беднымі і багатымі. [Маці:] Стары мой працуе ад ранку да ранку, а ўсё пану ідзе... Праўду стары мой кажа: дзе людзі бяднеюць, там паны багацеюць. Так вось і з намі, галубка, – мы бяднеем, а пан сабе новыя палацы будуе (В. Вольскі. Цудоўная дудка). – Янкоўскі, с. 30: Дзе людзі бяднеюць, там паны багацеюць. Дзе многа на куце сядзіць, там мусіць мыш галодна быць. Дзе многа начальства, там кепска жыць падначаленым. Беларуская душа відушчая... За колькі стагоддзяў да сённяшніх прэзідыумаў, парламентаў ведала: дзе многа на куце сядзіць, там мусіць мыш галодна быць (Р. Барадулін. Існасць). – Насовіч, с. 23; Ляцкі, с. 7: Дзе многа на куце сядзіць, там мыш мусіць галодна быць. Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Пра замілаванасць да роднага краю, да мясцін, дзе нарадзіўся хто-н. Сін.: Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка; Дзе воўк радзіўся, там і куст яму міл; Для ўсякай птушачкі сваё гняздо мілае; Міл куток, дзе абрэзалі пупок; Мой родны кут, як ты мне мілы; Няма лепшае справы ад свае хаты; Родная зямелька як зморанаму пасцелька; У родным краю, як у раю. – Дзеда, я ніколі не еў такой смачнай шакаладкі, – з удзячнасцю прамовіў унук [дзеду, які прыехаў у госці да сваіх – у Амерыку]. – Значыць, прагаладаўся. – Не, дзеда. Гэта таму, што яна з нашай радзімы. Ну, гэтая шакаладка... Турка [дзікая індычка] смачная тут. Яна нарадзілася тут.. – Ну, што ж, праўду кажуць людзі... Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся, – дзед Пятро моўчкі абняў унука (Л. Левановіч. Турка). Куток Бацькаўшчыны, адкуль ты родам.., у сапраўднасці ніякая і не «малая радзіма», а Радзіма, якая ніколі не забывае сваіх адданых сыноў і дачок. Нездарма ёсць выслоўе: «Дзе нарадзіўся – там прыгадзіўся» (А. Марціновіч. «...Над пыльнай вечнасцю дарог»). Дзе ні кінь, дык клін. Гл. Куды ні кінь, усюды клін
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
16 👁
 ◀  / 696  ▶