Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Äстылі, і Юр'я («халодны») – 26 лістапада па старым стылі. Юр'е, як і Мікола, святкуецца ў нас двойчы – увесну і ўзімку. Беларусы заўважылі, што колькі снегу бывае на Юр'е зімовае, столькі травы – на Юр'е вясновае. А ўвогуле на абодва святы мы паблажліва злуёмся: «Два Юр'і ды абодва дурні: адзін халодны, другі – галодны» (Я. Сіпакоў. Зялёны лісток на планеце Зямля). – Прыказкі, кн. 1, с. 98: Два Юр'і і абодва дурні: адзін галодны, а другі халодны. Двойчы дае той, хто зараз дае. Кажуць суразмоўніку пры яго спробе адмовіцца ад прапанаванага хабару, задатку і пад. як цвёрдае, гарантаванае абяцанне, што гэта плата не апошняя. [Філімон:] А можа, пасля? Як усё ўжо будзе таго?.. [Скакун:] Пане міністр! Прыказка кажа: двойчы дае той, хто зараз дае. [Філімон:] Ну, што ж зрабіць! Маленечкі авансік можна (Ф. Аляхновіч. Пан міністр). Двойчы ў адну і тую ж раку ўвайсці немагчыма (нельга). Функц. не зам. Немагчыма паўтарыць якія-н. дзеянні, працэсы, падзеі і пад. з-за пастаяннай зменлівасці жыцця, яго бесперапыннага руху. Здаўна вядома, што двойчы ў адну раку ўвайсці немагчыма, на гэты раз даваеннага адзінадушша, «адабрэння і падтрымкі» не адбылося. Народ пачаў разумнець (В. Быкаў. Горкі смак перамогі). Зважаючы на тое, што мы стаім на парозе XXI стагоддзя і што двойчы ў адну і тую ж раку гісторыі ўвайсці нельга, сёння гэты ідэал [Вялікае Княства Літоўскае часоў Скарыны] я акрэсліў бы знешне парадаксальна: Вялікае Княства Літоўскае плюс інфарматызацыя ўсяго грамадства! (А. Мальдзіс. Гонар быць беларусам). Правільна кажуць, што двойчы ў адну раку ўвайсці немагчыма. Так і з тарашкевіцай. Гэта ўжо пройдзены этап. Няма патрэбы, як гаварыў В. Вітка, «рэанімаваць правапіс, які не прыняла і даўно адкінула жывая народная мова» (Роднае слова. 2001. № 4). Нельга ўвайсці ў адну і тую ж рэчку двойчы. Аднойчы згубленае, страчанае па нашай легкадумнасці, нерашучасці, баязлівасці не знойдзецца, назад не вернецца (С. Сяргей. Мара светлая). Мы не капіруем ранейшае. Змяніўся час, мяняецца змест адукацыі ў пачатковай школе, становяцца іншымі дзеці. Правільна гавораць, што немагчыма двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку (Настаўн. газ. 1998, 23 ліп.). – Калька з грэчаскай мовы. Выказванне, заснаванае на ўяўленні аб бесперапынным цячэнні ракі, належыць старажытнаму грэчаскаму філосафу Геракліту
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

юре, юря, юрі
9 👁
 ◀  / 696  ▶