Ä– Насовіч, с. 37: Дорага ложка к абеду; Прыказкі, кн. 1, с. 262: Да абеду лыжка дорага; Дарага лыжка перад абедам; БРС, т. 1, с. 653: Дарагая лыжка к абеду. Дарагая тая хатка, дзе радзіла (нарадзіла) мяне матка. Пра замілаванне да роднага краю, да мясцін, дзе нарадзіўся хто-н. Сін.: Дзе воўк радзіўся, там і куст яму міл; Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся; Для ўсякай птушачкі сваё гняздо мілае; Міл той куток, дзе абрэзалі пупок; Мой родны кут, як ты мне мілы; Няма лепшае справы ад свае хаты; Родная зямелька як зморанаму пасцелька;У родным краю, як у раю. – Ведаю, куды ты хіліш, – звярнуўся да Кунцэвіча Станіслаў. – Мяне не заарканіш у свой край. Не люблю... – А мне дарагая тая хатка, дзе нарадзіла матка, – разважаў Кунцэвіч (І. Гурскі. Чужы хлеб). Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка (Эпіграф да раздзела «Вёска» ў кнізе «Вечны кругазварот» Б. Сачанкі). – Дзяўчаткі, а праўда ж у нас зямля вельмі прыгожая?.. – Праўда. Куды ні кінь – цуд! – Праўда... Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка, – самавіта падаў з печы Пятрок (В. Якавенка. Пакутны век). Беларуская зямля – родная і для братоў Гальперыных, і для людзей розных нацый, якія нарадзіліся тут. Нездарма прыказка кажа: «Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка» (Л. Целеш. Дзіўныя прыгоды хлопчыка з Дзяржынскага гета). – Прыказкі, кн. 1, с. 287: Дарагая (мілая) тая хатка, дзе радзіла мяне матка. Дарагое не вінцо, а слаўцо. Дарагі не пачастунак, а само запрашэнне, ветлівасць. І госць цешыўся, бо дарагое не вінцо, а слаўцо, і ён ніколі не пакідаў на дне вінца – злосці, бо лепш жыватом стол адапхнуць, чым не ўважаць гасцін гаспадара, сказаўшы нарэшце, што наеўся па самае не хачу, а гаспадар не паверыць (А. Лойка. Як агонь, як вада). – Насовіч, с. 77: Не дарага чэсць, а дорага добрае слова; Прыказкі, кн. 2, с. 186: Добрае слаўцо лепш, чым піўцо. Дарма (задарма) і каза ваўку не скача. Дарма, бясплатна нічога не робіцца. Кажуць таму ці пра таго, хто просіць зрабіць што-н. Сін.: Задарам і скулка не сядзе. – Не ведаю нават, як і прыступіць [да школьнай справы]. – Ну, што ж? Раскажу вам, як і што, толькі вы мне за гэта павінны будзеце зафундзіць, бо дарма, кажуць, і каза не скача, – пачынае жартам Лабановіч (Я. Колас. На ростанях). Трэба жыць, трэба і патурбавацца. Захочаш есці, дык знясеш паняверку, ператрываеш і знявагу. Дарма, кажуць, і каза воўку не скача, – разумна разважае Моўша (Я. Лёсік. «Не ўсе ж
11 👁