Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÄСвіслач, – простасардэчна адказаў Вель. А потым пайшло-закруцілася, як і заўсёды бывае ў такіх выпадках. Даносчыку першы бізун. Вель пляваўся крывавай слінай, крычаў, што да скону верны князю Ізяславу (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды). – Прыказкі, кн. 1, с. 354: Даказчыку першая чарга і першая палка. Да пары збан (жбан) ваду носіць ручка (вушка) адарвецца – збан паб'ецца. Усяму бывае канец. Найчасцей ужываецца як пагроза ці папярэджанне быць асцярожным. А што справа небяспечная – гэта праўда, ды і не вельмі пачэсная справа. Да пары збан ваду носіць (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца). [Андрэй:] Тата, мне так хочацца з табой пагаварыць па шчырасці, каб ты, выслухаўшы мяне, зразумеў – нельга так далей, нельга. [Зарудны:] Ты што? Ты на што ўвесь час намякаеш? [Андрэй:] На прыказку: «Да пары збан ваду носіць...» (А. Маўзон. У ціхім завулку). – Бачыш, колькі разоў выносім скуры, і нічога, жывыя. – Да пары збан ваду носіць, – не здавалася Марыя (І. Новікаў. Да світання блізка). А дзед вёў сваё: – Ведаеш жа, мусіць, прымаўку – да пары збан ваду носіць... – Ды нічога такога я не раблю, – Якім адвёў позірк убок (Я. Курто. Дарога бяжыць насустрач). Ты думаеш, у цябе асечкі не будзе? Да пары жбан ваду носіць (М. Лобан. Шэметы). [Сіман:] Так, да пары збан ваду носіць: ручка адарвецца – збан паб'ецца. Я ведаю, народ паборамі, пакутай па вёсках высушан, як цэр счарнелы (М. Клімковіч. Георгій Скарына). Партызаны падвялі Пясецкага, у яго былі звязаны назад рукі. Ён увесь калаціўся ад страху. – Да пары збан ваду носіць: вушка адарвецца і збан паб'ецца, – гаварыў Гарашчэня (І. Гурскі. Лясныя салдаты). – Яго хоць за руку і не злавілі, а ўсе ведаюць, што ён злодзей... – А калі ведаюць, то і добра, да пары да часу збан ваду носіць, а як ручка адарвецца, дык і збан паб'ецца... (Л. Арабей. Сіні бор). * [Даміцэля:] Будзь пэўным, што шахраванне [круцельства] будзе гладка схадзіць, пакуль гэта будзе не праз меру. [Пятрук:] Гэта кажуць, паненачка, патуль жбан ваду носіць, пакуль не прарвецца вуха, а там... (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты). Проста накас, скокам-бокам жылося, вялося, але, як кажуць, да часу жбан вадзіцу носе (Я. Купала. За чужую елку). – Цэлыя? – Мы не гаршкі, каб... – І гаршчок да пары ваду носіць... (Ц. Гартны. Сокі цаліны). – Насовіч, с. 37: Да пары жбан ваду носіць; Федароўскі, с. 351: Да пары збан ваду носіць: вушка адарвецца і збан разаб'ецца; Прыказкі, кн. 2, с. 229: Да пары збан ваду носіць: як вуха (ручка) уварвецца, той й збан паб'ецца
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

пабецца, разабецца
17 👁
 ◀  / 696  ▶