Äкам да другой Пакумейкавае кнігі ён не дакрануўся (Л. Калюга. Пустадомкі). – Насовіч, с. 31: Дай божа ў добры час сказаць, а ў ліхі памаўчаць; Прыказкі, кн. 2, с. 173: У добры час сказаць, а ў ліхі прамаўчаць. Дай душы (сэрцу) волю – завядзе ў няволю. Калі не стрымліваць свае пачуцці, то гэта кончыцца кепскім. Каб быць свабоднымі, трэба мець сілу волі, волю да перамогі, але захаваўшы душу ў цноце. Бо недалёка іншае выслоўе: дай душы волю – завядзе ў няволю (Р. Барадулін. Вярні нам Бацькаўшчыну, Божа!). – Не кіпяціся, Драгун, што ты гаворыш! – стаў супакойваць яго Пятроўскі. – Трэба трымаць свае нервы. Ведаеш прымаўку: дай сэрцу волю – завядзе ў няволю (У. Дамашэвіч. Камень з гары). * Паплач, дачушка, паплач, можа, хоць трохі пачнеш розумам жыць, бо толькі сэрцам жыла, а ці ж не чула, як старыя людзі кажуць: не давай сэрцу волі – не зазнаеш нядолі (М. Кусянкоў. Арляк і зязюля). – Федароўскі, с. 88: Дай душы волю, то сам будзеш у няволі. Дай жонцы (бабе) волю – завядзе ў няволю. Гаворыцца таму ці пра таго, хто папускаецца, паддаецца жонцы, дазваляе ёй свабодна дзейнічаць. – Вось няхай ведае на другі раз... – ківаў ён [Псюк] пальцам у бок, куды пабегла Зося да бацькоў. – Гэтакіх гусак трэба, не шкадуючы, скубці. Вядомая рэч! Дай бабе волю – завядзе ў няволю! Не супынім спачатку – прапала. Го-о! (Ц. Гартны. Сокі цаліны). – Федароўскі, с. 365: Хто дае жонцы волю, то сам лезе ў няволю; Прыказкі, кн. 2, с. 50: Дай жонцы волю, то сам пойдзеш у няволю; Дай волю, а сам у няволю. Дай сэрцу волю – завядзе ў няволю. Гл. Дай душы (сэрцу) волю – завядзе ў няволю. Далей кінеш – бліжэй возьмеш. Калі зробіш каму-н. ласку, то і табе адплацяць тым самым. Сін.: Кінь за сабою, знойдзеш перад сабою; Кінь наперад – знойдзеш ззаду. – Навошта табе, мама, столькі гэтай расады? – пытаецца Зося. – А ці ж я, Зоська, для сябе адной? Кажуць жа людзі: далей кінеш – бліжэй возьмеш (М. Даніленка. Цётка Поля). – Прыказкі, кн. 2, с. 453: Далей паложаш, бліжэй возьмеш. Далей у лес – болей дроў. Гл. Чым далей у лес, тым болей (больш) дроў. Даносчыку першы бізун. Даносчыка, даказчыка, нагаворшчыка караюць першым. – А мяне куды?.. – Цябе, князь-бацюхна, у
10 👁