Äякасцю пастаўляемай у нашу краіну віна-гарэлачнай прадукцыі з Расіі, відавочна, трэба кіравацца правілам: давярай, але правярай. Прычым праверка павінна быць куды больш грунтоўнай і дэталёвай, чым зараз (Звязда. 2000, 16 верас.). * Нават сяброўства з дзяўчынкай не зрабіла птушку менш асцярожнай. Як кажуць, давярай, але пільнасці не губляй (М. Зарэмба. Дзень магнітнай буры). – Відаць, недакладная калька з лацінскай мовы: Fide, sed cui fidas, vide (літаральна «Давярай, але глядзі, каму давяраеш»). – Рабкевіч, с. 53: Давярай, ды правярай. Даганяючы не нацалавацца (не нацалуешся). Сілай не прымусіш палюбіць сябе. Сін.: Насільна міл не будзеш. [Куторга:] Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімерычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тады? Вы ж ведаеце прыпавесць: даганяючы не нацалавацца (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта). «Даганяючы не нацалавацца», – уздыхае п. К. П., зазначыўшы, што беларусы гостра адварочваюцца ад іх і лепей слухаюць праф. Карскага і іншых, што пужаюць іх польскімі легіёнамі і настроіваюць на антыпольскі лад (А. Гарун. Одгукі). [Кубэ:] Вас [былых эмігрантаў] не разумеюць беларусы... Ва ўсякім выпадку, вас не падтрымліваюць. А па вашай жа беларускай прымаўцы, даганяючы не нацалуешся... (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску). – Насовіч, с. 36: Даганяючы не нацалуешся; Прыказкі, кн. 2, с. 91: Даганяўшы не нацалавацца; Даганяючы не нацалуешся. Да дваццаці пяці хлопец сам жэніцца, з дваццаці пяці да трыццаці – людзі, а пасля сам чорт не ажэніць. Звычайна кажуць пра хлопца, які занадта доўга халасцякуе. «Пятрок, – сказала аднойчы яму [Зоя Максімаўна], – не сядзі ты вечарам у хаце, схадзі ў клуб. Можа, хутчэй ажаню цябе. Вунь пад вокнамі якія дзяўчаты гойсаюць!» А ён толькі адмахваецца, як ад той мухі: «Ажаніцца, як і паміраць, – не спяшаюся». Вось праўду кажуць: да дваццаці пяці хлопец сам жэніцца, з дваццаці пяці да трыццаці – людзі, а пасля сам чорт не ажэніць (А. Асенні. Родны чалавек). – Маўчы лепш! – папракае мяне маці, якая жыве ў вёсцы. – Не мае часу жаніцца! Вось праўду кажуць: да дваццаці пяці гадоў хлопец сам жэніцца, з дваццаці пяці да трыццаці – людзі, а пасля сам чорт не ажэніць (А. Рылько. Анюта). – Янкоўскі, с. 115: Да дваццаці пяці гадоў хлопец сам жэніцца, з 25 да 30 – людзі, а пасля сам чорт не ажэніць
21 👁