Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ö Прыказкі, кн. 1, с. 265: Голаму сабрацца – толькі падпаясацца. Голы збірайся, голы гатоў. Беднаму чалавеку вельмі лёгка сабрацца куды-н. Кажуць пра каго-н. перад адыходам, ад'ездам куды-н. Сін.: Голаму сабрацца – толькі падперазацца. Чутак тых, чутак!.. Герман пад Гродняю, герман у Беластоку, герман ля Слоніма – страхоцце... І хоць мне няма чаго шкадаваць – голы збірайся – голы гатоў, – а вось кут дарагі, з месца не ўзняцца... (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Распісваў Зарэмба, нібы агітаваў яе [Хелену] збірацца і хутчэй пакідаць хутар. А што ёй збірацца? Голы збірайся, голы гатоў... (П. Місько. Хлопцы, чые вы будзеце...). Бачу: раз насталі, то скарагодзяць, нікуды не дзенешся. Жаніся, значыць. Хоць зноў жа, пытаюся: «Які ў цябе рэсурс ёсць, каб жаніцца? Голы збірайся – голы гатоў?» (А. Кудравец. Сачыненне на вольную тэму). – Прыказкі, кн. 1, с. 412: Голы, збірай! – Голы гатоў. Голы разбою не баіцца. Гл. Голаму разбой не страшан (не страшны). Голь (галота) на выдумку (-і) вострая (хітрая). Чалавек пры вострай патрэбе зрабіць штосьці праяўляе вынаходлівасць, прыдумвае што-н. Гаворыцца з адабрэннем ці задавальненнем, калі ўдалося знайсці выйсце ў якой-н. сітуацыі. Уладзік узяўся і паправіў [пыласос]. – Мы цяпер усё ўмеем, мама. Як кажуць, галота на выдумку хітрая... І мы хітрыя, мама (І. Шамякін. Сатанінскі тур). [Несцерка:] А вось мы ёй [Кацярыне] вестачку пададзім – як ад Андрэя. А пан пераапранецца – ды замест яго. І пад вянец. А там – воля ваша, мой клопат – да касцёла. [Пшэбыеўскі:] От праўда, галота на выдумкі хітрая (У. Бутрамееў. Новыя прыгоды Несцеркі). – Насовіч, с. 26: Голь на выдумкі востра; Янкоўскі, с. 210: Голь на выдумку вострая. Гора маё чубатае: ніхто мяне не сватае. Адказ дзяўчыны, часцей жартоўны, дасціпны, на пытанне, чаму яна не выходзіць замуж. [Куліна:] І табе, Марфа, пара б утаймавацца. [Халімон:] Тады дзеўка схамянулася, як у жываце страпянулася. [Марфа:] Гора маё чубатае – ніхто мяне не сватае (У. Сауліч. Халімон камандуе парадам). – Раманаў, с. 293: Гора маё чубатае: ніхто мяне не сватае; Федароўскі, с. 295: Доля мая чубатая: ніхто мяне не сватае. Гора плача, гора скача, гора песенькі пяе. Гора вымушае чалавека быць выкрутлівым. [Кузьмін:] Няўжо вы сапраўды на танцы з ім [эсэсаўцам] пойдзеце? [Вікця:] Яшчэ чаго не хапала. [Кузьмін:] Вы так какетнічалі. [Вікця:] Гора плача, гора скача, гора песенькі пяе (К. Крапіва. Людзі і д'яблы
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

адездам, дяблы
8 👁
 ◀  / 696  ▶