Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÃЗробім – і вам аддамо. А самі – у інтэрнаце звякуем (У. Дамашэвіч. Камень з гары). – Федароўскі, с. 103: Ганчар у чарапку есці варыць; Прыказкі, кн. 1, с. 158: Ганчар гаршкі лепіць, а ў чарапку есці варыць. Гара з гарой не сходзіцца, а чалавек з чалавекам заўсёды. Гаворыцца пры нечаканай сустрэчы ці ростані на няпэўна доўгі час. Нічога, маці, сустрэнемся. Гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам заўсёды (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Гэта была яна. Тая самая Косцева знаёмая, з якой мы сустрэліся на праспекце. Я сумеўся і апусціў вочы: вось сапраўды гара з гарой не сходзіцца, а чалавек з чалавекам заўсёды (А. Крыга. Паўночны фарватэр). Як вы мяне знайшлі? Адрас з лістоў ведалі? Дык я ж нядаўна перабраўся на новую гэтую самую кватэру... Выпадак. Ах, які ж выпадак! Гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам, калі суджана... (К. Чорны. Ідзі, ідзі). – Не пазнаяце, мама? Русакевічава дачка, тая, што ў Сібіры жыла... – Гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам... Гэта меншая? Якраз як Тоня, маці (А. Жук. Праклятая любоў). – Яшчэ раз дзякую. Можа, сустрэнемся яшчэ. – Няма за што дзякаваць, мілы чалавек, паслуга невялікая. А сустрэцца – не дзіва, гара з гарой не сходзіцца... (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску). Я не забуду тваёй дапамогі. І за сталярку не забуду... Як кажуць, гара з гарой не сходзіцца... (В. Дайліда. Буслы над вёскай). * І хто б то мог спадзявацца [на сустрэчу]... Я ўжо казала Рыгору... Ці не праўда, Сроль? – Чалавек з чалавекам – не гара з гарою... (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Заскочыў у адрасны стол, мне і далі даведачку, дзе ты жывеш. От так і знайшоў я цябе праз столькі год. Праўду кажуць, што гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам абавязкова стрэнуцца (Я. Васілёнак. Адзіночная камера). Ён зноў успомніў дзіўную сустрэчу з выдатным польскім рэвалюцыйным паэтам, вершамі якога зачытваўся ў турме. Праз дваццаць год сышлася гара з гарою – асабіста яны пазнаёміліся толькі пазалетась у Навагрудку, на юбілеі Міцкевіча... (Я. Брыль. Сэрца камуніста). – Насовіч, с. 26: Гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам усягды; Прыказкі, кн. 1, с. 383: Гара з гарою не сыйдзецца, а чалавек з чалавекам зыйдзецца; Гара з гарою не сходзяцца, а чалавек з чалавекам заўсягды. Гара нарадзіла (радзіла) мыш. Функц. не зам. Вялікія намаганні далі мізэрныя вынікі. Каціная плётка: гара нарадзіла мыш (М. Коўзкі. Неэўклідава геаметрыя). Вось неяк яно заўсёды ат
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
12 👁
 ◀  / 696  ▶