Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ö Ляцкі, с. 7: Гадаваў воўк дзеці, а не за кім сядзеці; Прыказкі, кн. 2, с. 138: Гадаваў мядзведзь дзеці, а галавы няма дзе дзеці. Галавою (ілбом) сцяны (сцяну, муру, мур) не праб'еш. Праст. Немагчыма, бескарысна супрацьстаяць сіле, уладзе. Сін.: Напроці ветру не падзьмеш; Пугай абуха не пераб'еш; Супраць ражна не папрэш. – Не мамент цяпер, – вінавата і як бы павучаючы запярэчыў Глушак. – Сіла ў іх цяпер!.. Галавою сцяну не праб'еш! (І. Мележ. Подых навальніцы). Немец.. і б'е нас, б'е на дзіва. Бракуе нам чагось, чагосьці не стае... Павалім напралом – калі, сячы і рэж! Але сцяны ілбом – не, дудкі – не праб'еш! (Я. Колас. На шляхах волі). Кепскі дыплом, і без сувязей, шэлег цана! Не паможа апломб. Мур не праб'еш ілбом... (Р. Барадулін. Смаргонская акадэмія). – Насовіч, с. 81: Муру лбом не разаб'еш; Федароўскі, с. 100: Галавою муру не праб'еш; Прыказкі, кн. 2, с. 475: Галавою сцяны не праб'еш. Галоднае бруха да працы глуха. Галодны чалавек не надта здольны, ахвочы да працы. – Зараз пажуяце трохі чаго, пакуль той Карняплодаў. – Дзякую, не трэба. Дацярплю ўжо. – А нашто ж цярпець? Галоднае бруха да працы глуха (П. Місько. Хлопцы, чые вы будзеце...). Галоднай куме хлеб (сыр) наўме. 1. Галодны толькі і думае пра яду. – Галоднай куме хлеб наўме, – хітра пасміхнуўся Уладзік. – Можа, і так, – абыякава прамовіў Касперыч і паўтарыў пытанне: – Не, не на жарты: колькі чалавек здужае з'есці сырога сала? (Я. Колас. На ростанях). А я тым часам займуся абедам. Галоднай куме хлеб наўме (І. Гурскі. Вецер веку). Часам з дымам далятаў пах смажанага сала ці цыбулі. І тады адразу Клімёнак пачынаў глытаць сліну. Што ні кажы, а галоднай куме хлеб наўме... (У. Дамашэвіч. Порахам пахла зямля). Праўду кажуць, галоднай куме хлеб наўме. Сню я, гэта, дом, бабка Аўдоля дастае з печы чыгунок капусты... (В. Шырко. Дзед Манюкін не салжэ). 2. Чалавек найперш думае пра тое, што яго непакоіць, чаго ён хоча дасягнуць. І смех і бяда. Галоднай куме, кажуць, хлеб наўме. Прыслухоўваліся мы, сяляне, да таго, што аб зямлі гаварылі. Паявіліся ў нас нейкія доўгенькія паперкі друкаваныя – пракламацыі (Я. Колас. «Сацыяліст»). – Паплавок – не дурань. Таксама выпіць захацеў, – ухмыльнуўся незнаёмец з бутэлькай. Усе мужчыны заўсміхаліся, загаманілі. Толькі жанчына, надзьмутая, сярдзітая, стаяла ўбаку, падціснуўшы вусны. – Галоднай куме – хлеб
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зесці, перабеш, прабеш, разабеш
13 👁
 ◀  / 696  ▶