Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÂВысока лятаеш, але нізка сядзеш. Кажуць насмешліва фанабэрыстаму чалавеку, прадракаючы нязбытнасць яго намераў, задум. [Бондар:] Ствараецца ўражанне, што ты клапоцішся пра калгас, а на самай справе тармозіш развіццё калгаса. Пры сустрэчы з сакратаром райкама абавязкова раскажу яму пра гэта. [Анішчук:] Ого! Ты высока лятаеш, але нізка сядзеш (І. Гурскі. Хлеб). * [Старац:] Ох, маці, маці! Высака твой сынок падымацца хоча, але каб нізка часам не зваліўся (Я. Купала. Раскіданае гняздо). Мы [дзеці] прывыклі да гэтых баёў у бярозах, набылі ў іх надта ж вялікую мужнасць, але ж нездарма кажуць: высока лятаеш, ды дзе ты сядзеш? (А. Кажадуб. Пра вайну). – Федароўскі, с. 209: Высока падляцеў, ды нізка сеў; Прыказкі, кн. 1, с. 341: Высока лятаеш – нізка ўпадзеш; Высока паляціш, дык нізка сядзеш. Высока ляціць вырай – высокі вырасце і авёс. Народная прымета пра сувязь паміж вышынёй лёту журавоў і ўраджайнасцю аўса. Яны [палешукі] ведалі, у які дзень, у якую нават часіну трэба выязджаць з сахою на поле, пры якіх умовах трэба сеяць тую ці іншую збажыну. Ім досыць пабачыць першы вырай журавоў, каб сказаць, які будзе авёс. У залежнасці ад вышыні лёту знаходзіўся і рост аўса: высока ляціць вырай – высокі вырасце і авёс (Я. Колас. На ростанях). Выцягвай ножкі паводле адзёжкі. Жыві паводле сваіх сродкаў, даходаў, адпаведна сваім магчымасцям. Сяды-тады нават у рэдакцыі гаварылі свае жанчыны – Роўда ці Жывіца, – чаму ён не купіць сабе новы гарнітур, ці лепшае паліто, або людскі плашч? Але ён толькі пасміхаўся: ён і сам купіў бы, каб было за што, купіць не так цяжка. «Наша пасада нас абавязвае», – гаварылі жанчыны. А Драгун ім адказваў прымаўкай: «Выцягвай ножкі паводле адзёжкі» (У. Дамашэвіч. Камень з гары). – Прыказкі, кн. 2, с. 267: Па адзёжкі выцягвай ножкі; с. 435: Выцягвай ножкі падлуг адзёжкі. Вышэй галавы не падскочыш. Гл. Вышэй пупа (пят, галавы) не падскочыш (не скочыш). Вышэй пупа (пят, галавы) не падскочыш (не скочыш). Праст. Больш за тое, на што здольны, што ў тваіх магчымасцях, не зробіш. Сін.: Вышэй самога сябе не падскочыш; Цераз сілу і конь не цягне. – А што з таго, што я буду крычаць? Хто мяне пачуе? Вось ты папрабаваў крыкнуць, і цябе перамясцілі. Не, брат, вышэй пупа не падскочыш! – тонам пераможца заключыў Анцыпік
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
10 👁
 ◀  / 696  ▶