ÂВыпрамлялі быку рогі, ды скруцілі шыю. Гаворыцца з асуджэннем як адмоўная рэакцыя на чые-н. непрымальныя дзеянні выправіць, падправіць што-н., якія могуць прывесці да горшага выніку. [Лявон:] Свайго ўчастка я не аддам. Не маеце права! Я знайду закон у вобласці, калі і там... то я дастукаюся да самой Масквы. Там цяпер за перагібы ведаеш як?.. [Максім:] А мы цябе не перагібаем. Мы цябе выпрамляем. [Лявон:] Выпрамлялі быку рогі, ды скруцілі шыю. А я не хачу (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце). Выпростванне, выпраўленне моўных нормаў не на карысць беларускай літаратурнай мове, якую ў сённяшніх неспрыяльных для яе варунках хто толькі не спрабуе «ўорыкнуць». Як бы не здарылася, як у той прыказцы: выпрамлялі быку рогі, ды скруцілі шыю (Настаўн. газ. 2000, 1 крас.). Вырас, а розуму не вынес. Кажуць насмешліва таму ці пра таго, хто не разумее або не зразумеў чаго-н. простага. Звычайна ўжываецца ў дачыненні да юнака. Сін.: Вырас пад неба, а дурань як трэба. Мы з Санькам пасмейваемся: старшыня сельсавета – і не можа адрозніць камандзіра ад радавога. А ён з нас дзіву даецца: выраслі, а розуму не вынеслі. Многа мы, ёлупні, разумеем – гэта ж для палітыкі (І. Сяркоў. Мы – хлопцы жывучыя). – Сынок мой любы, ты яшчэ малы. Падрасцеш, усё зразумееш. – Я не малы, мама. Мне шаснаццаць год. Глядзі, я вышэйшы за цябе. – Вырасці то вырас, ды розуму не вынес (Л. Левановіч. Пасля разводу). – Раманаў, с. 215: Вялікі вырас, а ўма не вынес; Прыказкі, кн. 2, с. 242: Вырас, а розуму не вынес. Вырас пад неба, а дурань як трэба. Праст. Кажуць насмешліва таму ці пра таго, хто не разумее або не зразумеў чаго-н. простага. Звычайна ўжываецца ў дачыненні да юнака або маладога чалавека высокага росту. Сін.: Вырас, а розуму не вынес. Чаго ты на мяне, чачотка, вызвяраешся? Наракай, хлопец, на самога сябе. Вырас пад неба, а дурань як трэба (М. Паслядовіч. Па воўчых сцежках). Я злую на старую: усюды яна свой востры нос уткне. Тут вайна ідзе, а ёй дошкі шкада. Асмялела. Немцам так не камандавала. – Вырас пад неба, а дурань як трэба, – адказала мне на гэта бабуля. – То ж немцы, а то свае (І. Сяркоў. Мы з Санькам у тыле ворага). Дораш крывіць свае тоўстыя губы, на ўвесь голас смяецца, аж прысядае: – Вырас ты, Валодзька, пад неба, а дурань як трэба. Коршакі на дубах жывуць... А гэта ж асіна... (І. Капыловіч. Гняздо на дубе). – Прыказкі, кн. 2, с. 242: Вырас пад неба, а дурны як трэба; Вялікі да неба, а дурань як трэба
Дадатковыя словы
ўбрыкнуць
12 👁