Âлыня ў яго шэрых вачах набыла сіняватае адценне. – Вуснамі дзіцяці прамаўляе ісціна! (В. Якавенка. Пакутны век). – Відаць, калька з нямецкай мовы: Kindermund tut Warheit kund. Вусы – чэсць, а барада і ў казла ёсць. Кажуць жартаўліва або з гонарам пра вусатага чалавека. Маруся сваіх гасцей не спазнала, ледзь не выпусціла з рук кайстру, у якой брынчэлі поўныя пляшкі. – Анігадкі прыкукобіліся: а чыстыя, а вусатыя. – Вусы – чэсць, а барада і ў казла ёсць, – паўтарыў сваю прымаўку Сівы (У. Ліпскі. Стрэлы над старым акопам). – Прыказкі, кн. 1, с. 273: Вусы – чэсць, а барада і ў казла есць. Вучыцца ніколі не позна. Функц. не зам. [Жук:] І так жыць нельга, давайце ж лепш школы, вучыцца хачу!.. [Прадстаўнік асветы:] Ах ты, гультай! Табе ўжо жаніцца пара, пражывеш і без школы! Позна! [Жук:] А чаму прыказка кажа, што вучыцца ніколі не позна? (У. Галубок. Краб). Зялёнка з табою паедзе. Адпачніце месяц і – за кнігі. Вучыцца, як кажа прыказка, ніколі не позна (М. Паслядовіч. Святло над Ліпскам). – Справа ў тым, што я хачу вучыцца... – Вучыцца ніколі не позна, – няпэўна перабіла яна [Галіна] (В. Праскураў. Рута-мята). Лічы, дарослы ўжо, час сям'ю заводзіць... А вучыцца? Вучыцца, кажуць, ніколі не позна. А ці так гэта на самай справе? (А. Масарэнка. Сонца майго дня). – Янкоўскі, с. 146: Вучыцца ніколі не позна; Прыказкі, кн. 2, с. 179: Вучыцца ніколі не позна. Выбірай жонку не на ігрышчы, а на іржышчы. Гаворыцца як парада хлопцу пры выбары жонкі. Сін.: Шукай жонку ў гародзе, а не ў карагодзе. Павячэраць – занятак варты. Тым больш збіраюся на ігрышча. Як гэта кажуць: «Выбірай жонку не на ігрышчы, а на іржышчы». Не, па мне лепш на ігрышчы (А. Казлоў. Адкуль з'яўляюцца яны?..). – Прыказкі, кн. 2, с. 27: Выбіраюць не на йгрышчы, а на іржышчы; Шукай жонку не на йгрышчы, а на ржышчы. Выдумаў чорт моду, ды сам у воду, а вы, бабкі, ганіцеся. Ужываецца як рэакцыя на моду, на што-н. моднае. – А мы месца пад КБА шукаем... – Пад што месца? – Бытавая абслуга. Адрамантаваць што, пашыць. Модніцамі зробіцеся. – Аўдоля б сказала: «Выдумаў чорт моду, ды сам у воду, а вы, бабкі, ганіцеся» (А. Кажадуб. Старая хата). – Прыказкі, кн. 1, с. 273: Выдумаў чорт моду, ды сам у воду, а вы, бабкі, ганіцеся
Дадатковыя словы
зяўляюцца, сямю
13 👁