Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÂВочы страшацца (баяцца), а рукі зробяць. Баішся пачынаць што-н., але пры жаданні і старанні ўсё зробіцца. * Зараз лідзян чакае вялікая праца па разборцы і ўпарадкаванні ўсяго дастаўленага. І тут востра паўстае пытанне паскарэння работ на новым будынку бібліятэкі. Але вочы баяцца, а рукі зробяць (Я. Грынкевіч. Завершана перавозка бібліятэкі). Вынік работы ў руках чалавека. Відаць, недарма ў народзе гавораць: «Чаго вочы баяцца, тое рукі зробяць». Волька не спалохалася нічога, настаяла на сваім. І стрымала слова (В. Праскураў. Вялікая радня). Мусіць, такіх сенцаў і не знойдзеш нідзе, старыя надта, але ж і моцныя. Пэўне, добрымі рукамі рабілася. Як вочы ні страшацца, а рукі зробяць... (А. Кажадуб. Старая хата). Лёгкай работы ў калгасе не было. І хоць давалася яна цяжка, хоць вочы страшыліся, рукі рабілі (С. Давідовіч. Ускрыша). У Рамана ныла спіна, з непрывычкі дрыжалі ў каленях і балелі ў ікрах ногі... – Глянь, колькі зрабілі. – Вочы заўсёды баяцца, а рукі робяць, – заключыў Арлан (У. Навумовіч. Такое бывае аднойчы). – Прыказкі, кн. 1, с. 147: Вочы страшацца, а рукі зробяць. Вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна. Кніжн. Шчырыя, праўдзівыя, без скрытых намераў выказванні дзяцей вартыя ўвагі дарослых. Былі, як кажуць, і смех і грэх. Смех – бо ёсць вялікая доля праўды ў выслоўі: вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна. Грэх, бо, здаецца, не зусім патрыятычна выхоўваць дзяцей у духу негатыўных адносін да нацыянальна-дзяржаўных сімвалаў (А. Вярцінскі. Трывожны досвітак). – Вучым дзяцей самастойна вырашаць некаторыя задачы... Хочаце пагаварыць з нашымі актывістамі? – Пагаварыць? Чаму ж не пагаварыць, тым больш што вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна (А. Куліцкі. Чым бы дзіця ні цешылася...). Вуснамі дзяцей гаворыць ісціна, пакуль дарослыя не пачынаюць вучыць іх розуму (Вожык. 1995. № 7). * Даволі совацца ўпацёмку і скаголіць! – Вуснамі дзіцёнка ісціна глаголе (Я. Колас. На шляхах волі). [Мікола:] Трэба мець волю бараніць погляды і ўсё вось гэта, што звязана з нашымі поглядамі, з нашымі жыццёвымі патрабаваннямі. [Іонна:] Сама ісціна глаголе вуснамі юнашы сяго! (М. Грамыка. Каля тэрасы). Меў рацыю мудрэц, калі сказаў: «З вуснаў немаўляці злятае ісціна». Не памыліўся ён і тады, калі дабавіў: «Ва ўчынках і думках маладых, як у люстэрку, відаць жыццё дарослых» (Маладосць. 1994. №3). – Дзеду, а дзеду! Бог жа аднойчы пачуў нашы просьбы... Калі мы прасілі за татку! Помніш? – Ай сапраўды! – дзед усміхнуўся, і цеп
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
14 👁
 ◀  / 696  ▶