Âбаіцца, але звягі наравіцца. Яна будзе мянціць языком, а я цярпецьму – не на таго нарвалася (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына). – Насовіч, с. 15: Воўк не баіцца сабакі, да звягі яго; Федароўскі, с. 341: Воўк сабакі не баіцца, да толькі звягу ненавідзіць; Прыказкі, кн. 2, с. 298: Воўк сабакі не баіцца, ды звягі яго не любіць. Воўна не воўна, абы кішка поўна. Праст. Гаворыцца, калі няма лепшага выбару сярод прадуктаў харчавання. Што? Не купіла селядцоў? Цэны ашалелыя? Ды ты чаго ўзяла, Давыдаўна? Цюлькі ды камсы? Пратухлай нейкай? Вохці нас! Сабе ці парасятам? Ага, сама ўплятаеш? Ато ж: воўна не воўна, абы кішка поўна! (Ф. Рудовіч. Парасятам ці сабе?..). * – Фёкла, пачастуй чым-небудзь госця. – Але ў нас нічога такога няма. Хіба што бульба халодная... – Дык падагрэй!.. – Хоць клочча, хоць воўна, абы кішка поўна! – усміхнуўся вандроўнік, адламаў ад буханкі, што ляжала на стале, акрышчык і паклаў у рот, стаў жаваць (У. Гніламёдаў. Валошкі на мяжы). – Раманаў, с. 113; Хоць воўна, абы кішка поўна [паясняецца так: «Галоднаму не да ласункаў»]. Воўчае насенне да лесу цягне. Гл. Воўчы дух (воўчае насенне) да лесу цягне. Воўчы дух (воўчае насенне) да лесу цягне. Сутнасць чалавека, яго прывычкі застаюцца нязменнымі і ўсё роўна выявяцца. Сін.: Колькі ваўка ні кармі, а ён у лес глядзіць. – Вы нам аддасцё тое, з чым мы прыйшлі да вас, калі далучаліся да калгаса. І зямлю, і маёмасць... – Во куркуль! – пакруціў галавой Іван Падзерын. – Як Жыватоўшчык кажа, як тэй таго, воўчы дух да лесу цягне, – пакпіў Мікіта Драніца (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі). [Суля:] А што ты хочаш? Яго бацька быў такім. Воўчае насенне да лесу цягне. Што, не праўду кажу? (В. Адамчык. Год нулявы). – Федароўскі, с. 340: Воўча натура да лесу цягне; Прыказкі, кн. 1, с. 61: Воўчае насенне да лесу цягне. Воцат не гарэлка, а кума не жонка. Пра несупастаўляльныя, нераўнацэнныя з'явы, рэчы. Сёння ў нас такое становішча, што якраз і не варта радавацца, параўноўваючы сябе з вёскамі Расіі, а лепей схапіцца за галаву, прымерваючыся да фермерскага Захаду. Пара ўжо нарэшце зразумець: воцат не гарэлка, а кума – не жонка (В. Гроднікаў. Мужыкі-сталічнікі...). – Ляцкі, с. 51: Усё воцат не водка, а кума не жонка. Вочы – люстра (люстэрка) душы. Кніжн. Па вачах, па позірку чалавека можна пазнаць яго душэўны стан, схільнасці, на
Дадатковыя словы
зявы
14 👁