Âка. «Ваўка ногі кормяць!» – казаў пра сябе, не пра ваўка (М. Мятліцкі. Шалі жыцця). – Усё-такі дарэмна мы вас, Гайшун, узялі. – Нічога, воўка ногі кормяць, – сказаў Рубеж, – а яму трэба падкарміцца (А. Адамовіч. Хатынская аповесць). Здарова, брат... Чаго гэта ты рассеўся, як пан? Пойдзем на здабычу. Воўка ногі кормяць (В. Шырко. Дзед Манюкін не салжэ). * Пасля пачастуемся... Няма мне сёння калі. Сабаку ногі кормяць, так і мяне. Я да цябе, Хведар, па справе (І. Шамякін. Гандлярка і паэт). Адно што цэлы дзень на нагах. Тут ужо нічога не зробіш – ногі не толькі ваўка кормяць (Б. Стральцоў. Рэпартаж першай ночы). – Калька з грэчаскай мовы (літаральна «Ваўка ногі яго кормяць»). Насовіч, с. 14: Ваўка ногі кормяць; Федароўскі, с. 341: Воўка ногі жывяць (гадуюць); Прыказкі, кн. 1, с. 60: Воўка ногі кормяць. Ваўкоў (ваўка, воўка) баяцца – у лес не хадзіць. Калі баяцца цяжкасцей, небяспекі, то не варта і пачынаць што-н. – Не баіцеся адзін ездзіць?.. У Вульцы, казалі, міліцыянера лесавікі павесілі. – Ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць, – сказаў Канькоў, але паглядзеў па баках (П. Місько. Хлопцы, чые вы будзеце...). – А як хто-небудзь цябе ўбачыць? – Ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць. Ды і не дзеля таго я ў вёску прыйшоў, каб на гарышчы сядзець (Б. Сачанка. Вялікі Лес). – Можа, застанецеся? – прапанавала Зоя. – Вас жа патруль затрымае. – Ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць (І. Сіняўскі. Дарога на Замлынне). [Анжэк:] Могуць быць непрыемнасці. Прытым вялікія. [Фелікс:] Ахвотна веру... Толькі «ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць» (В. Зуб. Юнацтва рыцара). – Глядзі, яшчэ ўрэжуць дваццаць пяць гарачанькіх, як некалі ў пана Іваненкі. – Э, ваўка баяцца, у лес не хадзіць (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). – Цяпер ён спаліць нас... – Спаліць? Што ж... ваўка баяцца – у лес не хадзіць. Спаляць – адбудуем... (І. Шамякін. Глыбокая плынь). * – А калі, часамі, і давядзецца крыху пацярпець – што ж: на горы жыць вучацца. – Ды яно ж так. Баішся воўка – у лес не ідзі (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Пятроў забіяцка на хутар глядзіць: – Як воўка баяцца, то ў лес не хадзіць (К. Крапіва. Шкірута). [Рыгор:] Эх, ваўкоў баяцца – не бываць у лесе, страх нам вораг: гне ён крукам чалавека, не дае падняцца (М. Клімковіч. Кацярына Жарнасек). – Боязна рабочаму браць уладу... – Керанскага баяцца, у лес не хадзіць, – наступаў пуцілавец (І. Гурскі. Вецер веку
15 👁