Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÁБыў бы папом, ды галава кляпом. Кажуць з асуджэннем пра таго, хто мог бы дабіцца пэўнай жыццёвай мэты, каб разумна паводзіў сябе. «Артыст, адным словам, артыст», – яшчэ тады, калі хлопчык толькі пачаў здзіўляць вяскоўцаў сваім талентам, зазначыў конюх Росцік Раманоўскі... Гаварыў так Росцік і папярэджваў: «Вядома, калі галава на плячах, а не сядалішча. А то іншы, як той казаў, быў бы папом, ды галава кляпом...» (У. Саламаха. «Трынкен шнапс, гармонік шпілен...»). Быў бы хлеб, а мышы знойдуцца. Калі ёсць умовы, магчымасці, заўсёды знойдзецца хто-н. для несамавітых, нядобрых учынкаў, спраў і г.д. Гаворыцца з неадабрэннем. Цяпер уся чынавецкая раць.. лашчыць слых свайму начальніку... Хто пяе па звычцы, хто ад страху за сваю скуру. Яно так: быў бы хлеб, а мышы знойдуцца (В. Гроднікаў. Іпастасі Чырвонага Маісея). – Я хацеў вось аб чым. І жыццё навокал якое, і людзі харошыя. Ат жа завёўся нейкі гніляк. – Быў бы хлеб, а мышы знойдуцца, – уздыхнуў Лапко. – От і гэты гніляк завёўся (І. Макаловіч. Версія капітана Барташа). – Прыказкі, кн. 1, с. 236: Быў бы хлеб, а мышы будуць. Быў конь, ды з'ездзіўся. Пра таго, хто састарыўся ці страціў сваё былое значэнне, становішча, уплыў і пад. Сін.: Укаталі сіўку крутыя горкі. Вазьму сякеру, секану колькі разоў і задыхаюся. Адным словам, Міхасік, быў конь, ды з'ездзіўся. Мне патрэбен спакой, поўны адпачынак (Я. Колас. М. Лынькову). Я ўжо сілу сваю страціў, я ўжо зжыўся, як тое гавораць – быў конь, ды з'ездзіўся (М. Гарэцкі. Антон). Даюць нашаму міламу начальніку па шапцы. Быў конь, ды з'ездзіўся. Капут (Я. Васілёнак. Сакрэт). [Гануся:] Як кажуць, быў конь, ды з'ездзіўся. [Юстын:] Што праўда, то праўда. Вось прайшоўся крыху, а ўжо задыхаўся (Э. Валасевіч. Бывайце здаровы). – Насовіч, с. 10: Быў конь, ды з'ездзіўся; Федароўскі, с. 148: Была кабыла, ды з'ездзілася; Прыказкі, кн. 2, с. 225: Быў конь, ды з'ездзіўся (заездзіўся). Быў на вайне, спагадай і па мне. Гаворыцца каму-н., каб ён са спачуваннем, спагадай ставіўся да суразмоўніка. Па людзях трэба спагадаць, асабліва калі і самому прыходзілася быць у дрэнным становішчы: «Быў на вайне, спагадай і па мне» (К. Крапіва. Беларускія прыказкі). – Прыказкі, кн. 1, с. 500: Быў на вайне, спагадай і па мне; Быў ты сам на вайне, спагадай жа і мне
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зездзілася, зездзіўся
12 👁
 ◀  / 696  ▶