Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÁАдным словам, было б балота, а чэрці знойдуцца (А. Якімовіч. Адкуль ліха на свеце). * – Дзе ж гэта, васпан, так доўга быў? – Было б балота, а жабы знойдуцца. Так і з маім хаджэннем (І. Чыгрынаў. Свае і чужыя). – Федароўскі, с. 21: Абы балота, то чорт будзе; Прыказкі, кн. 1, с. 344: Было б балота – чарцей многа будзець; Абы балота, чорт найдзецца. Было на вяку, што па спіне і па баку. Гл. Бывае (было) на вяку, што па спіне і па баку. Было сватацца ўдзень, распытаўшыся ў людзей. Гаворыцца халасцяку як парада выбіраць будучую жонку не пры выпадковай сустрэчы на вячэрняй гулянцы. – Ганначка! Ты напішы ў партбюро іхняга інстытута. Там па галоўцы не пагладзяць за такую знявагу, ды і ў страты цябе завёў... – Нікуды я пісаць не буду. Сама вінавата! Мужчынам кажуць: «Было сватацца ўдзень, распытаўшыся ў людзей». А нам таксама трэба больш цікавіцца, з кім мы манімся злучаць свой лёс (У. Дубоўка. Ганна Алелька). Было што піць і есці, але прынукі не было. Кажуць пра гасціннасць і ўвагу гаспадара да гасцей. – Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? – пытала бабка Лабановіча. – От, бабка, добра гасцілася! «Было што піты і есты, але прынукі не было», – адказаў настаўнік на паляшуцкі лад (Я. Колас. На ростанях). Усяго было даволі (удаволь), толькі прынукі не было. [Альжбета:] Што ж, выбачайце, госцікі. Не хацелі піць і есці, пасля самі будзеце жалець. [Сцяпан:] Выбачайце, выбачайце, каханенькія, родненькія, адно не скажыце, што ўсяго было ўдаволь, толькі прынукі не было (Я. Купала. Паўлінка). * [Ціт:] Нечага казаць: ядзення было многа, але піцення і прымусу саўсём не было... [Навум:] Відно, што не было, бо ты і цяпер на нагах устаяць не можаш (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). Ешце! Ешце! А то будзе, як на адным вяселлі: «Усё было, але не хапала аднаго – прымусу...» (А. Дзялендзік. Гаспадар). Гасцей увесь час трэба было прымушаць, запрашаць піць і есці, каб потым, крый Бог, не сказалі: піць-есці было, толькі прымуса не было. Ці на стале ўсяго было, толькі прынукі не было (Р. Барадулін. Як беларусы гасцей прымаюць і ў госці ходзяць). – Федароўскі, с. 249, 250: Было што піці, есці, да прынукі не было; Усяго было досыць, адно прыгону не было; Янкоўскі, с. 65: Добра было ў гасцях, толькі прынукі не было
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
12 👁
 ◀  / 696  ▶